Адвакатку Юлію Юргілевіч, якая абараняла палітвязняў, выключылі з адвакацкай калегіі Горадні


Юлія Юргілевіч абараняла палітвязняў: мастака Алеся Пушкіна, студэнта Арцёма Баярскага, музыку Ігара Банцэра, сына святара Андрэя Аўсіевіча.

Выключэнне з адвакацкай калегіі Горадні фактычна азначае пазбаўленне адвакацкай ліцэнзіі і забарону на працу, бо ў Беларусі немагчымая адвакацкая дзейнасць па-за дзяржаўнымі адвакацкімі калегіямі.

Намеснік пракурора Гарадзенскай вобласці Андрэй Скурат выказаў сумненне ў прафесіяналізме адвакаткі, якая працуе з 2004 года. Ён падаў скаргу, на падставе якой адбылося паседжанне Рады Гарадзенскай абласной калегіі адвакатаў. Рада прыняла рашэнне звольніць Юлію Юргілевіч за «непрафесіяналізм». За папярэднія 18 гадоў працы прэтэнзіяў да адвакаткі не было.

Яшчэ аднаго горадзенскага адваката Аляксандра Бірылава, які абараняе палітвязня Анджэя Пачобута, у кастрычніку мінулага года папярэдзілі пра «неадпаведнасць патрабаванням заканадаўства». Мінюст даў яму паўгода на выпраўленне, пасля чаго правядуць новую атэстацыю. Ліцэнзіі яго пакуль не пазбаўлялі.

З мінулага года без працы засталіся агулам прыкладна два дзясяткі дасведчаных юрыстаў, якія абаранялі палітвязняў і людзей, якія праходзілі ў палітычных справах.

Hавiны
Яшчэ аднаго адваката ў палітычных справах адхілілі ад працы
2021.10.13 13:11

belsat.eu

Стужка навінаў