«Приём» ад Светы Бень і Галі Чыкіс: Калі ты не адна

Ты што, хіба адна тут тусуешся? – запытала мяне знаёмая на прэзентацыі альбому «Приём» Светы Бень і Галі Чыкіс у Берліне. Я разгубілася. Што ёй адказаць? Ці ехала я на канцэрт з хаты адна? Так. Ці ведала я пра кагосьці з сябровачак, што яны там будуць? Таксама так. А што наконт незапланаваных, але прыемных спатканняў? І такія былі. Добры канцэрт прыцягвае добрых людзей.

Света Бень і Галя Чыкіс.
Фота: Anna Eckold

Я не з ліку тых, хто можа сказаць, што даўно сочыць за творчасцю абедзвюх артыстак. Ведаю, што Света для кагосьці – легенда беларускай музычнай сцэны. Людзі памятаюць ейныя кабарэ-гіты на памяць і звяртаюцца з просьбай праспяваць іх цяпер, у Берліне. «Ну, гэта вы ўжо зусім спазніліся», – адказвае Света, і я разумею, што «Серебряная свадьба» і заліхвацкая весялосць засталіся дзесьці даўно ў мінулым. Пра Галю Чыкіс я даведалася зусім нядаўна і краем вуха паспела яе паслухаць на нямецкім музычным фестывалі. Касмічная, непрадказальная, загадкавая нейкая гэтая Галя, так і хочаш яе разгадаць, але для гэтага, мабыць, трэба яшчэ на дзясятак-другі канцэртаў схадзіць. І не факт, што гэта дапаможа.

На канцэрт я пайшла падрыхтаванай і папярэдне паслухала альбом. Не з пачуцця недаверу да яго аўтарак, барані багіня, але, хутчэй, з клопату пра сябе: мела здагадку, што трэкі будуць змрочнымі, зацягнуць у дэпрэсіўныя глыбіні, і трыгернуць што-небудзь можа незнарок. Праслухоўванне-выведка паказала, што так, усё так. Частка песень сапраўды напоўненая сумам і адчаем, як бітоны – чорным малаком. А іншая частка – наадварот: светлыя, мігатлівыя, падобныя на згортак бліскавак або люстраныя кулі. Як настроі розныя ў альбоме дзіўным чынам спалучаюцца, так і дуэт Бень і Чыкіс наогул невідочны. Як яны сышліся? Яны ж такія розныя – і ўсё ж яны разам.

На самай змрочнай, мабыць, кампазіцыі «Черные бидоны» адна з каляжанак з менскіх яшчэ часоў расплакалася. Занадта гэта ўсё блізка, занадта хваравіта, асабліва для тых з нас, хто па-ранейшаму працягвае жыць у Беларусі, не зышлі ва ўнутраную эміграцыю. І навіны пра арышты для іх – гэта не тое, што адбываецца ў іншай суседняй краіне, але літаральна за акенцам іхнае хаты. Да каляжанкі адразу тут жа з розных бакоў пацягнуліся абдымкі, і ў цэнтры залі ўтварыўся такі роспачна-абдымальна-эмпатычны камяк. Я таксама на некалькі секунд сталася яго часткай. Альбом «Приём», або, калі быць дакладнейшай, некалькі трэкаў з гэтага альбому, – гэта зусім не тая музыка, што будзеш слухаць фонава пад піўко. Яны патрэбная, каб пражыць нашае хворае калектыўнае, каб не затрымацца ў ім.

«Каб выжыць – мне трэба на ўсё гэта забыцца», спяваецца ў адной з песень, і як жа многія з нас разумеюць, пра што гэта!

Канцэрт сканчаецца. Хтосьці застаецца пагрэцца ля вогнішча ў дворыку дыяспарнай арганізацыі «Разам», што прытуліла канцэрт. Хтосьці спяшаецца дадому да сваіх дзетак, партнёрак, жывёлінак. Хтосьці шпацыруе ваколіцамі ў пошуках патрэбнага бару, бо разыходзіцца пакуль не гатовыя. На канцэрце Бень і Чыкіс мы апынуліся рознымі шляхамі. Зрэшты, як і ў гэтым горадзе, і хтосьці з’едзе з яго ўжо заўтра, хтосьці праз месяц, а хтосьці ніколі. Але мы дакладна тусаваліся там не адны.

А знаёмую гэтую, якая ў мяне запыталася і тым самым падказала тэму наступнай калонкі, трэба паклікаць на спатканне. Ужо даўно збіралася, але ўсё справы, усё клопаты.

Агляд
Што мы слухалі ў 2022 годзе: ад «Стэфаніі» да «Rammstein»
2023.01.01 11:00

Віка Біран / Авер belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў