Глядзець «Белсат» у Польшчы можна будзе ў пакеце лічбавых тэлеканалаў


У студзені 2023 года заканчваецца кантракт паміж Польскім тэлебачаннем і «Emitel» на абслугоўванне каналаў польскага грамадскага транслятара на MUX-8. Да «TVP Kultura» і «TVP Kobieta», перанесеных на MUX-6, далучыцца «Белсат», які з 24 студзеня будзе даступны па ўсёй Польшчы.

Студыя тэлеканалу «Белсат» у Варшаве, Польшча. 28 кастрычніка 2021 года.
Фота: ЮШ / Белсат

Змена не павінна абцяжарыць атрымальнікаў, бо большасць тэлевізараў аўтаматычна абнаўляе спіс каналаў. Аднак у рэдкіх выпадках давядзецца наладжваць тэлевізары ўручную. У скрайнім выпадку давядзецца купляць новы тэлевізар або вонкавую прыстаўку, якая працуе ў новым стандарце – DVB-T2/HEVC.

«TVP Kultura» і «TVP Kobieta» застануцца на ранейшых пазіцыях. Яны будуць транслявацца ў фармаце высокай якасці, як і «TVP Dokument», «TVP Nauka», «TVP Polonia», «TVP Rozrywka» і «TVP World», што ў адным мультыплексе. «Белсат» можна будзе прымаць на пазіцыі 36. На MUX-6 з’явіцца яшчэ адзін грамадскі тэлеканал – «Alfa TVP», арыентаваны на моладзь.

З ліпеня 2022 года тэлеканал «Белсат» можна таксама глядзець і ў агульнанацыянальным мультыплексе Літвы.

belsat.eu

Стужка навінаў