За забойствам Яўгенія Прыгожына стаіць Патрушаў – «WSJ»


Мікалай Патрушаў, сакратар Савету бяспекі Расеі і правая рука Уладзіміра Пуціна, зліквідаваў кіраўніка ПВК Вагнэра Яўгенія Прыгожына, піша «The Wall Street Journal».

Лідар баевікоў Групы Вагнэра Яўгеній Прыгожын. 8 лютага 2023 года.
Фота: канал баевікоў Групы Вагнэра / Telegram

Выданне сцвярджае, што Патрушаў папярэджваў Пуціна пра небяспеку ад Прыгожына, чыя папулярнасць расла на фоне вайны. Аднак Пуціна задавальнялі вынікі ПВК Вагнэра, слухаць Патрушава ён не стаў.

Калі 23 чэрвеня пачаўся мяцеж вагнэраўцаў, Патрушаў пастанавіў ад яго пазбавіцца. Да таго часу змянілася і стаўленне Пуціна да Прыгожына. У кастрычніку 2022 года кіраўнік наймітаў нібыта патэлефанаваў Пуціну і ў грубай форме паскардзіўся на нястачу боепрыпасаў, праз што ягоная група несла вялікія страты.

Паводле крыніцы WSJ, пры гэтай размове ў кабінеце Пуціна быў Патрушаў. Ён палічыў, што Прыгожын небяспечны і не паважае ўладу Крамля.

Больш Пуцін не адказваў на званкі кіраўніка ПВК Вагнэра і не рэагаваў на скаргі на дэфіцыт боепрыпасаў. Затым пачаўся мяцеж, і Патрушаў «узяў кіраванне на сябе». Крыніцы WSJ сцвярджаюць, што ён тэлефанаваў афіцэрам, якія сімпатызавалі Прыгожыну, і прасіў іх пераканаць кіраўніка ПВК спыніць мяцеж.

Лукавыя навіны. Выкрываем фэйкі
Як Пуцін распраўляецца са здраднікамі ў сваіх шэрагах
2023.08.11 18:50

Патрушаў шукаў дапамогі і ў іншых краінах. Акрамя Аляксандра Лукашэнкі, які прыняў у Беларусі Прыгожына, звярталіся і да прэзідэнта Казахстану Касым-Жамарта Такаева. План складаўся ў тым, каб армія Казахстану дапамагла Расеі, калі сваіх сілаў не хопіць. Гэта павінна было стацца платаю за тое, што сілы АДКБ, якія складаюцца ў асноўным з расейскіх, дапамаглі здушыць пратэсты ў Казахстане ў студзені 2022 года. Аднак Такаеў адмовіўся.

Калі мяцеж скончыўся, Патрушаў узяўся за план забойства Прыгожына. Паводле крыніцаў «WSJ» з заходніх спецслужбаў, Пуцін бачыў гэтыя планы і не стаў пярэчыць.

23 жніўня Яўген Прыгожын чакаў у аэрапорце «Шарамецьева», пакуль ягоны самалёт правераць і падрыхтуюць да вылету. Тады пад крыло заклалі невялікую бомбу, паведамляюць крыніцы «WSJ». Праз паўгадзіны пасля ўзлёту на вышыні каля 8500 метраў бомба выбухнула.

На борце самалёта былі 10 чалавек – усе загінулі. На абвінавачанні ў тым, што Крэмль датычны да авіякатастрофы, прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў заявіў:

«Усё гэта хлусня абсалютная».

Аналітыка
Прыгожын – авантурыст, палітычны ледакол ці новы Мусаліні? У чым сэнс мяцяжу вагнэраўцаў
2023.06.25 19:30

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў