У Берасцейскай вобласці за 11 месяцаў зафіксавалі 583 «злачынствы экстрэмісцкай накіраванасці»


Пракуратура Берасцейскай вобласці адсправаздачылася аб колькасці «злачынстваў экстрэмісцкай накіраванасці», якія былі ўчыненыя цягам 11 месяцаў 2023 года.

Будынак пракуратуры Берасцейскай вобласці. Крыніца: yandex.ru

Усяго супрацоўнікамі пракуратуры было зафіксавана 583 такія злачынствы. Аб гэтым было абвешчана падчас каардынацыйнай нарады па барацьбе са злачыннасцю і карупцыяй, якая праводзілася ў вобласці, прыкмеціла выданне «Медыязона».

Большая частка з іх, як паведамілі ў пракуратуры, была звязаная з абразамі і пагрозамі гвалтоўных дзеянняў.

«Наяўная грамадска-палітычная абстаноўка, асабліва напярэдадні электаральнай кампаніі, сведчыць аб актуальнасці барацьбы з праявамі экстрэмізму», – сказаў першы намеснік пракурора Берасцейскай вобласці Сяргей Туравец падчас каардынацыйнай нарады.

Нагадаем, што да «злачынстваў экстрэмісцкай накіраванасці» ў беларускіх рэаліях адносяцца каментары ў сацыяльных сетках, нашэнне вопраткі няправільных колераў і выказванне пратэсту супраць дзеянняў уладаў.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў