У Беларусь прывезлі дзяцей з акупаваных раёнаў Украіны


На тэлеканале ОНТ паведамілі, што ў Беларусь прыбыла чарговая партыя дзяцей з акупаванай расейскімі войскамі Луганскай вобласці, прыкмеціла выданне «Флагшток».

Група дзяцей з акупаванай Луганскай вобласці прыехала ў Гомлю.
Фота: Гомельщина официально / Telegram

Усяго ў Беларусь прыехала 35 дзяцей з гораду Антрацыт, што знаходзіцца ў Луганскай вобласці недалёка ад зоны баявых дзеянняў.

Група прыбыла ў Гомель цягніком, а далей накіроўваецца на аўтобусе ў санаторый «Дубровенка», які належыць магілёўскаму аддзяленню Беларускай чыгункі. Адзначаецца, што ў Беларусі дзеці прабудуць каля двух тыдняў і сустрэнуць Новы год і Каляды.

Дзяцей на пероне сустракалі людзі са сцягамі ЛДПБ.
Фота: Гомельщина официально / Telegram

Адметна, што на вакзале групу дзяцей сустракалі людзі са сцягамі Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі, кіраўніком якой з’яўляецца Алег Гайдукевіч, а таксама прадстаўнікі БРСМ.

У тэлерэпартажы адзначана, што пры падтрымцы фонда Аляксея Талая ў нашу краіну з акупаваных раёнаў Украіны дзеці прыязджаюць ужо цягам двух гадоў.

Нагадаем, што за час поўнамаштабнай вайны, з 24 лютага 2022 года да 30 кастрычніка 2023 года, з акупаваных Расеяй тэрыторыяў Украіны былі незаконна вывезеныя ў Беларусь больш за 2440 украінскіх дзяцей ва ўзросце ад 6 да 17 гадоў. Іх адпраўлялі ў тым ліку на вайсковае рыхтаванне, аб гэтым гаворыцца ў даследаванні Ейлаўскага ўніверсітэту.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў