СБУ прыйшла з ператрусамі ў Кіева-Пячэрскую лаўру


Супрацоўнікі Службы бяспекі Украіны раніцаю 22 лістапада ладзяць ператрусы на тэрыторыі Кіева-Пячэрскай лаўры. Пра гэта паведамляюць СБУ і УНІАН.

СБУ прыйшла з ператрусамі ў Кіева-Пячэрскую лаўру.
Фота: SBUkr/Telegram

Ператрусы праводзяць СБУ супольна з Нацыянальнай паліцыяй і Нацыянальнай гвардыяй у межах сістэмнай працы для супрацьдзеяння шкодніцкай дзейнасці расейскіх спецслужбаў ва Украіне, адзначаюць у паведамленні СБУ:

«У прыватнасці, улічваючы ўзброеную агрэсію Расеі, узрастае рызыка ўчынення тэрарыстычных актаў, дыверсіяў, захопу закладнікаў, асабліва ў месцах збору вялікай колькасці грамадзянаў».

У ведамстве таксама паведамілі, што ператрусы праводзяцца, каб не дапусціць «выкарыстання лаўры як ячэйкі «русского мира», правераць, ці не выкарыстоўваюць памяшканні УПЦ дыверсійна-разведвальныя групы, засцерагчы насельніцтва ад правакацыяў і тэрактаў.

Супрацоўнікі СБУ аглядаюць памяшканні лаўры ды правяраюць асобаў на яе тэрыторыі на дачыненне «да супрацьпраўнай дзейнасці на шкоду дзяржаўнаму суверэнітэту Украіны».

СБУ прыйшла з ператрусамі ў Кіева-Пячэрскую лаўру.
Фота: SBUkr/Telegram
СБУ прыйшла з ператрусамі ў Кіева-Пячэрскую лаўру.
Фота: SBUkr/Telegram

Раней СБУ завяла крымінальную справу па факце выканання падчас богаслужэння ў Кіева-Пячэрскай лаўры 12 лістапада расейскай царкоўнай песні «Пахвала Прасвятой Багародзіцы» у адной з святыняў манастыра: там спяваецца пра Расею і «абуджэнне Русі». Ролік з прыхаджанамі, якія спяваюць, апублікаваў святар праваслаўнай царквы Украіны Міхайла Амэлян. У Лаўры заявілі, што бацюшку, на чыёй службе гэта адбылося, адхілілі.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў