Пасля 20 дзён у ШІЗА Ігара Банцэра перавялі на «хімію»


Гарадзенскага музыку і палітвязня Ігара Банцэра выпусцілі пасля 20 дзён у ШІЗА. Цяпер ён знаходзіцца на «хіміі» у Віцебску.

У сераду адбудзецца суд, які канчаткова вызначыць, ці будзе пакаранне замененае на больш жорсткае і ці адправяць музыку ў калонію.

Ігар Банцэр, музыкант, актывіст, журналіст. Горадня, Беларусь. 15 траўня 2021 года.
Фота: МК / Белсат

Ціск на Банцэра з боку адміністрацыі «хіміі» пачаўся яшчэ летам, пасля таго як музыка адмовіўся пісаць прашэнне аб памілаванні. Агулам са жніўня за ўвесь час віцебскай «хіміі» актывіст прасядзеў у ШІЗА ужо 60 содняў.

Ігара Банцэра затрымалі 20 кастрычніка 2020 года і абвінавацілі ў хуліганстве за танец у стрынгах перад міліцэйскай машынай. Музыка правёў у СІЗА гарадзенскай турмы 5 месяцаў: яго кідалі ў адзіночную камеру, адпраўлялі на прымусовую псіхіятрычную экспертызу ў Навінкі, змяшчалі ў карцар. Падчас суда, каб абараніць свае правы, Банцэр абвесціў сухое галадаванне, якое трымаў без вады і ежы 16 дзён, да вынясення выраку.

19 сакавіка 2021 года музыку асудзілі на 1,5 года «хіміі» і выпусцілі ў залі суда. Пасля пераліку тэрміну (1 дзень у СІЗА раўняецца 2 дням «хіміі»), Банцэру заставалася сядзець 8 месяцаў.

Ён пачаў адбываць пакаранне 17 чэрвеня ў папраўчай установе адкрытага тыпу № 9 у Віцебску. На «хіміі» на яго пачаўся ціск: 5 жніўня Ігар Банцэр атрымаў 10 дзён штрафнога ізалятару нібыта за парушэнне правілаў установы. Потым яму тройчы без перапынку працягвалі тэрмін пакарання ШІЗА да 40 дзён.

Артыкулы
Ігар Банцэр: «Перавядуць у калонію. Суд – толькі фармальнасць». Інтэрв’ю
2021.10.01 16:36

29 верасня суддзя Дзяніс Аляксеенка пастанавіў накіраваць Банцэра ў калонію агульнага рэжыму. Музыку абвінавацілі ў шасцікротным парушэнні рэжыму. За гэта яму прысудзілі адзін месяц і 25 дзён калоніі. Аднак у калоніі музыка прабыў нядоўга: 29 кастрычніка стала вядома, што палітвязня вярнулі на «хімію». Прычына – абскарджанне адвакаткай Банцэра рашэння суда аб замене пакарання на больш жорсткае. Практычна адразу па вяртанні на «хімію» Банцэра пасадзілі ў ШІЗА, дзе ён без перапынку правёў 20 содняў.

Ігару Банцэру 41 год. Гарадзенец, вядомы як панк-музыка, гарадскі актывіст, удзельнік анархісцкага і антыфашысцкага рухаў. Некалі быў прэс-сакратаром Саюзу палякаў Беларусі.

Артыкулы
Ігар Банцэр: Застацца тут і спрабаваць рабіць нешта заўважнае – вось гэта для мяне значыць жыць
2021.05.20 09:32

АЛ, belsat.eu

Стужка навінаў