Два крызісы ў Беларусі. Чаму Захад рэагуе так позна?


Праз паўгода пасля пачатку беларускім рэжымам міграцыйнага крызісу Еўропа разглядае магчымасць мацнейшае рэакцыі. Гаворка і пра чарговы санкцыйны пакет, і пра ўдар па пасярэдніках, якія дапамагаюць уладам перавозіць уцекачоў у Беларусь. Еўропа зноў рэагуе і зноў, кажуць крытыкі, позна. Ці ведаюць на калектыўным Захадзе, што рабіць з планам дачыненняў з беларускім рэжымам?

Гэтыя ўцекачы прыйшлі ў Еўропу з Беларусі. Але на здымках не Польшча, Літва ці Латвія. Гэта ўжо Нямеччына. Берлін налічыў некалькі тысяч мігрантаў, што трапілі да іх цераз нашую краіну. Мясцовы прафсаюз паліцыянтаў заклікае аднавіць кантроль на мяжы. Але ўлады супакойваюць праваахоўнікаў і называюць сапраўднага віноўніка крызісу.

«Мы ўсе перакананыя ў тым, што ключ развязання праблемы ляжыць у Маскве. У лісце майму польскаму калегу я выказаў падтрыманне польскаму ўраду ў абароне перад незаконнаю міграцыяй з Беларусі ў Польшчу, Літву ці Латвію. Я запрапанаваў увесці супольныя патрулі на нямецка-польскай мяжы, на польскай тэрыторыі», – адзначае Горст Зээгофэр, міністр унутраных справаў Нямеччыны.

Еўразвяз пачаў усур’ёз успрымаць крызіс, толькі калі істотны лік уцекачоў прайшоў у краіны «старой Еўропы». Праз паўгода пасля першых выпадкаў дэманстрацыйнага транзіту мігрантаў беларускімі памежнікамі. У гэтым – сістэмная праблема Абʼяднанай Еўропы, кажа палітолаг Павел Усаў:

«Уся палітыка санкцыяў ёсць спозненаю палітыкаю рэакцыі. Спозненаю рэакцыяй на тое, што адбываецца ў Беларусі. Нават той чацвёрты пакет санкцыяў, што павінен быць прыняты пасля жніўня 2020 года, быў прыняты ўжо ўвесну 2021-га – вельмі позна».

ВІДЭА
Ці зрынуць санкцыі рэжым Аляксандра Лукашэнкі?
2021.10.15 18:00

За амаль два дзесяцігоддзі суседства Еўразвязу з рэжымам у Менску, падавалася б, Брусель мог бы падрыхтавацца да якога заўгодна крызісу і гібрыднай агрэсіі з беларускага боку. Аднак не. Моц Еўропы – уедлівая бюракратыя ды адзінагалоснае прыняцце рашэнняў – у выпадку канфлікту з аўтакратычнымі рэжымамі кшталту беларускага і расейскага становіцца слабасцю. І вось ізноў гучаць моцныя заявы з еўрапейскіх трыбунаў.

Каментуе Гайка Маас, міністр замежных справаў Нямеччыны:

«Лукашэнка – усяго толькі кіраўнік кантрабандысцкай групоўкі. Мы болей не збіраемся трываць існавання кампаніяў, авіякампаніяў, што зарабляюць на перавозе ўцекачоў у Нямеччыну ці іншыя краіны. Мы патрабуем санкцыяў, што прадэманструюць канец нашага трывання».

Лукашэнка – злачынца, яго не прызнаюць прэзідэнтам у большай частцы цывілізаванага свету, але… Ці хвалюе яго гэта? Амбасадар Францыі, які гэтак і не ўручыў даверчых лістоў кіраўніку Беларусі, быў вымушаны ў нядзелю пакінуць краіну.

Нікаля дэ Лякост, амбасадар Францыі ў Беларусі:

«Як вы напэўна ведаеце, Францыя не прызнала вынікаў прэзідэнцкіх выбараў, я не ўручыў даверчых лістоў. Мы правялі тут няпростыя, але незабыўныя дні».

Спадар дэ Лякост сказаў беларусам «да пабачэння», пажадаў не траціць надзеі ды вярнуўся на радзіму. Акрамя яго, пасля апошніх выбараў былі прызначаныя новыя амбасадары Грэцыі, Люксембургу, Эстоніі ды ЗША. Ніхто з іх даверчых лістоў Лукашэнку не ўручыў. Паступовы ціск, як увод эканамічных санкцыяў, асабліва такіх, што ўжывае Еўропа, каб не нашкодзіць ні ў чым не вінаватым беларусам, не могуць самыя па сабе паўплываць на рэжым. Заходні вектар там ужо канчаткова адкінулі.

«Архітэктары беларускай мадэлі зрабілі для сябе выснову, што на заходнім кірунку лавіць няма чаго. Нафтапрадукты пакуль больш-менш прадаюцца і будуць прадавацца, а што яшчэ ад Захаду – мы разварочваемся на Усход, і такую палітыку мы цяпер бачым», – мяркуе палітычны аглядальнік Сяргей Нікалюк.

ВІДЭА
Генерал ЗША: «Расея павінна прымусіць Лукашэнку спыніцца»
2021.10.18 15:02

Тое, што ў Бруселі пачалі казаць пра наўпроставую залежнасць беларускага крызісу ад Масквы, – хутчэй, добры, хоць і спознены сігнал. Бо калі б еўрапейцы насамрэч жадалі ўсурʼёз узяцца за Менск…

«Трэба разумець, што гэты рэжым будуецца не толькі на тэроры, а на падтрыманні з боку Расеі. Калі б ЕЗ ды іншыя дэмакратычныя структуры прызналі інтэграцыю як элемент акупацыі ці знішчэння суверэнітэту і пачалі ўводзіць санкцыі супраць Расеі, супраць расейскага кіраўніцтва, гэта мела б значна большы эфект», – кажа Павел Усаў.

Не раз казалі: Лукашэнка нелегітымны. Гэта на міжнародным полі, а ўнутры краіны – дзве крыніцы легітымнасці: народ і закон. Калі з народам усё зразумела было яшчэ летась, то ў Беларусі, як вядома, не да законаў. А вертыкаль – прынамсі звонку – выглядае маналітнаю.

Сяргей Нікалюк, палітычны аглядальнік:

«Калі ўлада дастаткова кансалідаваная і гатовая ўжываць сілавыя захады дзеля ўтрымання ўлады, то ніякімі мірнымі акцыямі, ніякімі пратэстамі змяніць яе нельга».

Спадар Нікалюк прыгадвае словы гуру рэвалюцыйнай сітуацыі XX стагоддзя. Для рэвалюцыі, казаў Уладзімір Ленін, мала, каб нізы не хацелі жыць па-ранейшаму. Трэба, каб і вярхі не маглі кіраваць па-старому. А ў Беларусі вярхі па-іншаму сабе жыцця і не ўяўляюць. І сітуацыя будзе захоўвацца, пакуль таго ж трымаюцца і ў Крамлі або пакуль не зʼявіцца чарговы крызіс. Вонкавы крызіс улады набліжаюць самыя – няспыннымі павышэннямі ставак у барацьбе з Захадам.

«Усе тыя рашэнні, якія ён прымае, нерацыянальныя, будуюцца на ягоных нерацыянальных рэакцыях на падзеі, на патрэбе дэманстраваць моц», – каментуе Павел Усаў.

А ўнутраных крызісаў назапашваюцца два. Адзін – злачынная ковідная палітыка ўладаў. Другі – набліжэнне рэферэндуму аб Канстытуцыі. Лукашэнка, які гэтак любіць кантраляваць усё, сам кажа, што не паспявае з хваляю праблемаў:

«Калі мы не дабралі зерня, кукуруза добрая, то трэба было перакрыць недабор зерня кукурузай. І трэба было пасеяць азімыя. І гэта таксама павінна быць у полі зроку прэзідэнта. І санкцыі нібыта нам увялі. Я таксама павінен быць у тэме і займацца гэтым пытаннем. І тысячы тысячаў такіх пытанняў. Дзіцячы садок! Не краіна, а дзіцячы садок! Прэзідэнта згубілі: ах, ён не лечыць людзей. Добра, заўтра пачне лячыць».

Аб’ектыў
Рэальная статыстыка ковід: «У моргу целы ляжаць у мяхах на сталах і падлозе»
2021.10.21 22:35

Недарма Лукашэнка, калі згадвае пра абяцаны рэферэндум, кажа, што няблага было б забраць у яго прынамсі частку паўнамоцтваў. І падаецца, што любы плебісцыт – пагроза гэтай уладзе. Аднак адмысловец не згодны.

«Сёння гэта немагчыма… Бо не ўзнікне фактара надзеі. Мы глянем на Канстытуцыю і ў нас хіба будзе два варыянты? Адзін варыянт хіба падорыць нейкую надзею: давайце за яго і выйдзем. У нас будзе варыянт толькі галасаваць за гэта або не браць удзелу», – кажа палітычны аглядальнік Сяргей Нікалюк.

Таму парадаксальна, але большая частка надзеі прыхільнікаў пераменаў у нашай краіне ляжыць на самым Лукашэнку. На ягонай няздольнасці прыпыніць унутраны канфлікт, на немагчымасці спыніць канфрантацыю з Захадам. Логіка дзеянняў кіраўніка Беларусі вядзе да непазбежнага краху, аднак расейскае падтрыманне і пакуль усё яшчэ вельмі стрыманая рэакцыя Еўропы дае яму чарговыя тыдні, месяцы, а магчыма, нават гады рэпрэсіўнай улады.

Усевалад Шлыкаў для праграмы «ПраСвет»

Калаж з фота: DIDOR SADULLOEV / Reuters / Forum; Russian Foreign Ministry / TASS / Forum; by.ambafrance.org

Стужка навінаў