ГУБАЗіК сцвярджае, што затрымаў мужа і жонку «дзякуючы» фільму аб пратэстах


У Telegram-канале ГУБАЗіКу з’явілася «пакаяннае» відэа мужчыны і жанчыны (меркавана мужа і жонкі), якіх, як сцвярджаюць сілавікі, ідэнтыфікавалі праз кадры фільму пра беларускія пратэсты.

Муж і жонка, затрыманыя на падставе кадраў фільму пра беларускія пратэсты.
Фота: скрыншот з відэа

На відэа затрыманыя гавораць, што ўдзельнічалі ў пратэстах пасля выбараў 2020 года. Паралельна паказваюцца кадры з пратэстаў, прычым з кантэксту «пакаяннага» відэа можна зрабіць выснову, нібыта гэта кадры з фільму Мікалая Мамінава «Хроніка сучаснасці». На кадрах хронікі дзве фігуры ў натоўпе абводзяцца маркерам, хоць трэба адзначыць, разгледзець іх твары не ўяўляецца магчымым, роўна як і немагчыма ідэнтыфікаваць, ці сапраўды гэта кадры з фільму Мамінава.

Затрыманы мужчына пры гэтым гаворыць, што працуе ў ЕРАМ і атрымлівае вялікі заробак. Жанчына скрозь слёзы кажа, што яны падчас пратэстаў трапілі ў кадры фільму. Пасля гэтага яна відавочна прагаворвае надыктаваны ёй сілавікамі тэкст, у якім дзякуе Мікалаю Мамінаву за публікацыю гэтага фільму і за тое, што іх на гэтай падставе затрымалі.

Акрамя таго, у допісе губазікаўцаў адзначаецца, што на канфіскаванай тэхніцы абаіх затрыманых зафіксаваныя абразы на адрас сілавікоў, «а таксама сотні нявыдаленых экстрэмісцкіх заклікаў і рэпостаў», якія затрыманыя адправілі сваім знаёмым (знаёмыя, было зазначана, «наступныя ў чарзе на затрыманне»).

Нагадаем, што 24 ліпеня літоўскае выданне Delfi.lt выклала на сваім YouTube-канале дакументальны фільм пра беларускія пратэсты 2020 года «Хроніка сучаснасці», у якім твары людзей не былі схаваныя. Праз пару гадзінаў да фільму абмежавалі доступ, але ГУБАЗіК паспеў яго захаваць і пасля заяўляў, што затрымлівае людзей, якіх удалося распазнаць.

Каментар
Фільм «Delfi» пра пратэсты ў Беларусі рэтушавалі тры разы
2023.07.25 22:58

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў