Пад Хабараўскам з радараў знік самалёт, на борце якога шэсць чалавек


У Хабараўскім краі Расеі знік з радараў вайскова-транспартны самалёт Ан-26. На пошукі вылецеў верталёт Расавіяцыі, паведамляе Lenta.ru.

На борце самалёта шэсць чалавек.

Самалёт Ан-26.
Фота: gazeta.ru

Вядома, што самалёт Ан-26 праводзіў тэхнічны палёт у раёне 40 кіламетраў ад Хабараўску і займаўся праверкаю наземных сродкаў сувязі і радыёлакацыйнага абсталявання, аднак чальцы экіпажу раптам перасталі выходзіць на сувязь. Сам самалёт знік з радараў.

Адной з меркаваных прычынаў аварыйнай сітуацыі з самалётам лічаць дрэннае надворʼе. Сярод асноўных версіяў таксама разглядаецца памылка пілатавання.

Зніклы самалёт быў у эксплуатацыі з 1979 года і выкарыстоўваўся выключна на Далёкім Усходзе. На працягу апошніх 15 гадоў самалёт эксплуатуецца ў якасці паветранай лабараторыі ЗАТ «Лётныя праверкі і сістэмы».

Пару месяцаў таму, 6 ліпеня, на Камчатцы адбылася катастрофа з удзелам усё таго ж самалёта Ан-26. Тады на борце было 22 пасажыры і шэсць чальцоў экіпажу, ніхто з іх не выжыў. Абломкі знайшлі за чатыры кіламетры ад аэрапорту. У авіякампаніі заявілі, што самалёт прайшоў тэхнічны агляд за тыдзень да крушэння, а асноўнаю версіяй трагедыі назвалі памылку экіпажу.

АД, belsat.eu

Стужка навінаў