Аператар Deutsche Welle быў паранены падчас абстрэлу расейскімі касетнымі боепрыпасамі


Здымачная група Deutsche Welle у суботу 22 ліпеня рабіла рэпартаж пра трэніроўкі байцоў ЗСУ у горадзе Дружкоўка Краматорскага раёну Данецкай вобласці, калі расейцы пачалі абстрэльваць трэніровачную пляцоўку касетнымі боепрыпасамі. У выніку раненне атрымаў аператар медыякампаніі Яўген Шылко.

Фота мае ілюстратыўны характар. Крыніца: ru.interfax.com.ua

Атака расейскіх войскаў адбылася ў 23 кіламетрах ад лініі фронту, у 12:10 па мясцовым часе. Падчас абстрэлу адзін баец ЗСУ загінуў, яшчэ некалькі атрымалі сур’ёзныя раненні.

Аператар Яўген Шылко цяпер знаходзіцца ва ўкраінскім шпіталі, ягоны стан ацэньваецца як стабільны.

Пашкоджанні таксама атрымаў аўтамабіль журналістаў. Паводле папярэдніх дадзеных, мэтай расейскага абстрэлу была трэніровачная пляцоўка ўкраінскіх вайскоўцаў.

«Мы здымалі ўкраінскую армію падчас трэніроўкі ў стральбе па мішэнях, як раптам пачулі некалькі выбухаў, – распавядае карэспандэнт DW Маціас Бёлінгер. – Мы леглі, прагучалі новыя выбухі, мы ўбачылі, што людзі параненыя. Пазней украінская армія пацвердзіла, што нас абстралялі касетнымі боепрыпасамі».

Генеральны дырэктар DW Петэр Лімбург, каментуючы здарэння, звярнуў увагу на небяспеку журналісцкай працы.

«Я вельмі рады, што жыццю Яўгена Шылко нічога не пагражае, і зычу яму хутчэйшага выздараўлення. Журналісты штодня рызыкуюць сваім жыццём, асвятляючы расейскую агрэсіўную вайну. Яны заслугоўваюць маёй глыбейшай павагі і падзякі. Нягледзячы на ўсе меры бяспекі і аддаленасць ад расейскага фронту, праца нашых калег у зоне баявых дзеянняў застаецца небяспечнай», – падкрэсліў Петэр Лімбург.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў