«Вылечу рукамі ў кабінеце». У Віцебскім медуніверсітэце здарыўся сексуальны скандал


У Віцебскім дзяржаўным медуніверсітэце (ВДМУ) студэнткі масава скардзяцца на аднаго з выкладчыкаў. З іхных словаў, мужчына надае неадназначныя знакі ўвагі на занятках і па-за навучальным працэсам. Дзяўчаты адчуваюць дыскамфорт і небяспеку, піша «Зеркало».

Віцебскі медычны ўніверсітэт.
Фота: Белсат

У рэдакцыю выдання звярнуўся чытач, які распавёў, што адзін з выкладчыкаў заляцаецца да студэнтак. У тэлеграм-канале «Студэнцкі канал ВДМУ» таксама паведамлялі, што атрымалі нямала скаргаў на аднаго з працаўнікоў кафедры фізкультуры.

На канале выклалі скрыншоты паведамленняў студэнтак, дзе тыя расказваюць, што выкладчык на занятках дазваляе сабе жарты інтымнага характару «з нагоды фігуры, сексуальнасці», кампліменты, «прыабдымкі», званкі па-за навучаннем, роспыты аб асабістым жыцці і запрашэнні на сустрэчы ў кавярні і ўдома.

«Ён ужо не адзін год гэтым займаецца. Яго запрашэнні «на сяброўскую гутарку» і на віно з торцікам закранулі прынамсі мяне і маю аднагрупніцу», – напісала адна са студэнтак.

Яшчэ адна расказала, што ён прапаноўваў ёй «вылечыць хворую частку цела рукамі, седзячы на ​​канапе ў яго кабінеце». А на заўвагі, што гэта непрымальна і непрафесійна, «адказваў неразуменнем».

Студэнты ВДМУ напісалі нават зварот у рэктарат, каб там разабраліся з гэтым пытаннем. Адміністрацыя абяцала развязаць праблему, але вынікаў пакуль няма.

Журналісты звязаліся з кіраўніцтвам ВДМУ. Рэктар універсітэту Анатоль Шчасны паведаміў, што «сітуацыя пад кантролем, і ўсё ў межах заканадаўства».

«Размаўляем з людзьмі, высвятляем факты: ёсць яны ці не. Так што ў гэтым плане вы можаце не хвалявацца, будзе дадзеная прававая справядлівая ацэнка», – адказаў рэктар Анатоль Шчасны.

На пытанне, ці адхілены выкладчык ад заняткаў, рэктар адказаў: «Гэта ўжо нашае рашэнне». Паабяцаў, што афіцыйны адказ будзе апублікаваны на наступным тыдні.

Аб’ектыў
Якая будучыня чакае адукацыю ў Беларусі?
2022.06.19 22:51

ЗК belsat.eu

Стужка навінаў