Ціханоўская абвясціла на 5–11 ліпеня Тыдзень беларускай культуры


Лідарка беларускага пратэсту Святлана Ціханоўская і Рада культуры абвясцілі Тыдзень беларускай культуры 5–11 ліпеня.

«Рэжым ніколі не разумеў і не цікавіўся сапраўднай беларускай культурай. Таму цяпер разам з Беларускай радай культуры мы прапаноўваем гэта змяніць. Мы абвяшчаем 7 ліпеня Міжнародным днём беларускай культуры. У гэты дзень нарадзіліся Янка Купала, Ян Чачот і Марк Шагал – нашыя землякі, вядомыя далёка за межамі краіны. Таксама ўначы з 6 на 7 ліпеня беларусы спрадвеку святкавалі Купалле – свята кахання і свабоды, свята, якое яднае беларусаў у розных кутках свету», – адзначыла Святлана Ціханоўская.

Паколькі «культура Беларусі надта разгалінаваная, каб змясціцца ў адзіны дзень», абвешчаны цэлы тыдзень беларускай культуры з 5 да 11 ліпеня.

Жыхароў Беларусі ды прадстаўнікі беларускіх дыяспараў ва ўсім свеце заклікаюць на гэтым тыдні прачытаць верш Янкі Купалы «А хто там ідзе?» на мове краіны пражывання і апублікаваць запіс з гэштагам #StandwithBelarus і #by_culture.

Таксама прапаноўваецца зладзіць Купалле ў вашым горадзе ці мясцовасці, разам спяваць беларускія песні або зарганізаваць выставу, музычны канцэрт ці тэатральны выступ з удзелам мясцовых беларусаў.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў