Выбары ў Польшчы і Беларусь. Што зменіцца?

Падыход да рэжымаў Пуціна і Лукашэнкі не памяняецца. Але беларускай апазіцыі давядзецца змагацца за ўвагу польскіх палітыкаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Праграмны з’езд партыі «PiS». На здымку – выступ Ярослава Качыньскага. Варшава, Польшча. 13 траўня 2023 года.
Фота: Zbyszek Kaczmarek / Reporter / Eats News

Чарговыя парламенцкія выбары ў Польшчы адбудуцца ў кастрычніку альбо лістападзе. Дакладную дату вызначыць прэзідэнт Анджэй Дуда. Аналітыкі кажуць, што гэта будуць самыя эмацыйныя выбары за апошнія дзесяцігоддзі. Польскі ўрад «Закон і справядлівасць» (Prawo i Sprawiedliwość, PiS) за некалькі апошніх гадоў сутыкнуўся з беспрэцэдэнтнымі выклікамі ў сучаснай гісторыі краіны. Пандэмія каронавіруса, правакацыі на мяжы з Беларуссю і спробы штурму, расейская агрэсія супраць Украіны, напружанасць у дачыненнях з Еўразвязам (звязаная з судоваю рэформай у Польшчы), інфляцыя, рост цэнаў. Польская апазіцыя мае шмат аргументаў, і лепшую атмасферу перад выбарамі для праціўнікаў кіроўнай партыі складана было б уявіць. Як гэта перакладаецца на рэйтынг партыяў?

Паводле апошняга апытання Цэнтру даследавання грамадскай думкі (CBOS), самае вялікае падтрыманне грамадства ўсцяж мае «Закон і справядлівасць» Ярослава Качыньскага (33 %), на другім месцы (23 %) – Грамадзянская кааліцыя (Koalicja Obywatelska) на чале з былым прэм’ерам і былым старшынём Еўрапейскай рады Дональдам Тускам. У кааліцыю ўваходзяць ягоная партыя Грамадзянская платформа (Platforma Obywatelska) і некалькі меншых партыяў. Трэцюю пазіцыю (8 %) займае Канфедэрацыя (Konfederacja), чацвертую (6 %) – «Польшча 2050» Шымана Галоўні і Польская народная партыя (кааліцыя былога шоўмена і партыі аграрыяў, PSL). Замыкаюць табліцу рэйтынгу «Левыя» (Lewica), у іх 6 % падтрымання.

Адныя абяцаюць беспрацэнтныя іпатэчныя крэдыты, іншыя памяншэнне падаткаў, а трэція чапляюцца за кожную праблематычную справу ў Польшчы і кажуць, што зрабілі б інакш. Кіроўная партыя ўжо паабяцала палякам дармовыя аўтастрады, бясплатныя лекі для дзяцей і пенсіянераў і 800 злотых (480 рублёў) на кожнае дзіця да паўнагоддзя з 1 студзеня 2024-га. Сёння гэтая дапамога складае 500 злотых, і карыстаюцца ёю не толькі грамадзяне Польшчы, але і сярод іншых беларусы, якія маю часовы альбо сталы від на жыхарства. Апазіцыйная Грамадзянская платформа прапануе не чакаць да наступнага года, а павялічыць гэтую дапамогу ўжо з 1 чэрвеня, нават адпаведны закон запрапанавалі ў Сейме. Карацей, марафон абяцанняў у Польшчы ўжо трывае.

Ці паўплываюць парламенцкія выбары ў Польшчы на замежную палітыку краіны, у прыватнасці ў дачыненні да Расеі ці Беларусі?

Аналітыка
Гаворка пра мільярды долараў? Хто ў Еўразвязе хоча зняць санкцыі з беларускага калію
2023.05.22 19:18

У дачыненні Расеі вельмі мала верагодна, бо асноўныя палітычныя сілы маюць кансэнсус, што краіна Пуціна варожая для Польшчы ды пагражае бяспецы ўсяго рэгіёну. І незалежна ад таго, захавае ўладу партыя Качыньскага ці пяройме яе партыя Туска, падтрыманне Украіны захаваецца. З меншымі партыямі не зусім усё адназначна. У той жа Канфедэрацыі ёсць асобы, якія паўтараюць тэзісы расейскай прапаганды адносна Украіны. Што датычыць Беларусі, то адзін з лідараў партыі (а сёння ён яе твар і вельмі папулярны сярод моладзі) Славомір Мэнцэн (Sławomir Mentzen) яшчэ ў жніўні 2020-га сказаў, што «беларуская апазіцыя не мае ніякіх шанцаў». Але нават у Канфедэрацыі няма палітыкаў, якія адкрыта сімпатызуюць Лукашэнку.

Беларуская дыктатура цягам апошніх гадоў у Польшчы сталася сінонімам дрэннага прыкладу. Некаторыя палітыкі нават пужаюць ёю суайчыннікаў і выкарыстоўваюць гэта ва ўнутранай барацьбе, закідваючы апаненту, што той нешта робіць альбо гаворыць, «як Лукашэнка». Выбары ў Польшчы гэтага не зменяць, ацяплення стасункаў з рэжымам у Менску не варта чакаць. Асабліва пасля знішчэння польскіх арганізацыяў, закрыцця польскіх школаў, знішчэння польскіх могілак, пераследу Анджэя Пачобута ды іншых рэпрэсаваных палякаў у Беларусі.

Але могуць змяніцца падыходы да беларускай тэмы. У выпадку змены кіраўніцтва (напрыклад, прыходу да ўлады кааліцыі апазіцыйных партыяў), беларускім дэмакратычным сілам давядзецца па-новаму будаваць стасункі з польскім урадам і інстытуцыямі, яд якіх залежыць падтрыманне беларускіх няўрадавых арганізацыяў ды ініцыятываў. І трэба будзе мець на ўвазе тое, што ад падзеяў жніўня 2020 года мінула амаль тры гады: тэма Беларусі ў Польшчы (у медыях, публічнай прасторы) адышла ўжо не на другі, а на трэці план. На другім сёння Украіна. На першым прынамсі да канца гэтага года будзе Польшча і ўнутраныя справы палякаў. І беларускім дэмакратычным сілам ужо варта пачынаць змагацца за ўвагу польскіх палітыкаў.

Руслан Шошын belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў