ISW: «Вагнэр» наўрад ці зможа працягваць баі за межамі Бахмуту


Аналітыкі Інстытуту вывучэння вайны (ISW) паведамляюць, што сілы ПВК Вагнэра беспаспяхова спрабуюць аднавіць страчаныя пазіцыі. Яны ўжо страцілі частку тэрыторыяў вакол Бахмуту, а сталае прасоўванне ЗСУ можа прывесці да тактычнага акружэння вагнэраўцаў.

Бахмут, травень 2023 года.
Фота: 93-тя ОМБр Холодний Яр / Facebook

Украінскія вайсковыя крыніцы паведамілі ISW, што расейскія войскі страцілі частку дамінантных вышыняў вакол Бахмуту. Яны ўтрымліваюць заходнія адміністрацыйныя межы гораду, у той час як украінскія сілы працягваюць засяроджвацца на контратаках на ўскраінах. Адзначаецца, што ўстойлівае прасоўванне ўкраінскіх вайскоўцаў можа прывесці да тактычнага атачэння сілаў Групы Вагнэра ў Бахмуце.

Раней аналітыкі ISW прагназавалі, што наступальныя аперацыі гэтай ПВК, хутчэй за ўсё, завершацца пасля некалькіх месяцаў знясільвальных гарадскіх баёў, і малаверагодна, што вагнэраўцы працягнуць баявыя дзеянні за межамі Бахмуту ў сваім цяперашнім стане, мяркуюць вайсковыя аналітыкі.

«Расейскія рэгулярныя войскі, размешчаныя на паўночным і паўднёвым флангах Бахмуту, блізкім часам таксама наўрад ці будуць прасоўвацца на захад у бок Канстанцінаўкі або на поўнач у бок Славянску на фоне ўкраінскіх контратак у Бахмуцкім раёне», – кажуць у ISW.

ЗСУ, верагодна, кантралююць нязначную тэрыторыю паўднёва-заходняй часткі Бахмуту.

Аднак у Расеі заяўляюць пра захоп Бахмуту: Уладзімір Пуцін 21 траўня павіншаваў групу Вагнэра і расейскіх вайскоўцаў з захопам гораду. Інстытут вывучэння вайны звяртае ўвагу, што расейскае тэлебачанне прэзентуе «ўзяцце» Бахмуту падобным да ўзяцця Берліну: «Яно адлюстравала меркаванае ўзяцце Бахмуту як лёсавызначальную гістарычную падзею і сцвярджала, што ўзяцце гораду палегчыць расейскім вайскоўцам аперацыі для ўзяцця Славянску (41 км на паўночны захад ад Бахмуту), Краматорску (35 км на паўночны захад ад Бахмуту) і нават Дняпра (прыкладна 215 км на захад ад Бахмуту.) Крэмль, верагодна, паспрабаваў падаць узяцце Бахмуту як гістарычную перамогу, бо тактычныя поспехі ва Украіне па-ранейшаму адсутнічаюць, а [«Первый канал»] абуральна заўважыў, што найміты ПВК Вагнэра маюць адчуваць сябе сваймі дзядамі ў Берліне», – пішуць эксперты ў справаздачы.

Украінскі бок страты Бахмуту не прызнае. Гэта, паводле аналітыкаў, ілюструе ўсё большы разрыў паміж унутранаю прэзентацыяй вайны ў Расеі.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў