Больш за 300 беларусаў не змаглі атрымаць літоўскага ВНЖ праз пагрозу бяспецы


З пачатку 2023 года 309 грамадзянам Беларусі і 38 грамадзянам Расеі адмовілі ў выдачы пасведчання на права жыхарства ў Літве, у тым ліку праз пагрозу дзяржаўнай бяспецы. Гэта нашмат больш, чымся за ўвесь 2022 год. Такую статыстыку прывяла кіраўніца Дэпартаменту міграцыі Эвеліна Гудзінскайце ў каментары «Delfi».

Літоўскі ВНЖ.
Фота: delfi.lt

Сярод тых, хто не атрымаў ВНЖ, – новыя заяўнікі і тыя, хто падаваў дакументы на падаўжэнне часовага дазволу на пражыванне ў краіне. Кіраўніца Дэпартаменту міграцыі Літвы паведаміла, што большая частка замежнікаў не атрымала віду на жыхарства з прычыны пагрозы бяспецы, але былі і такія, якім яго не выдалі з іншых прычынаў.

«Грамадзяне Расеі і Беларусі запаўняюць спецыяльную анкету, у якой яны павінны расказаць пра сваю працу ў мінулым, пра сувязі з праваахоўнымі і сілавымі структурамі. Ёсць пытанні пра вайну, пра тое, каго яны падтрымліваюць у вайне», – расказала Эвеліна Гудзінскайце.

Паводле кіраўніцы ведамства, нават выдатна ведаючы, што пазіцыя Літвы ў дачыненні да вайны ва Украіне адназначная, кожны месяц у анкетах выяўляюцца некалькі дзясяткаў чалавек, якія падтрымліваюць Расею і яе ўдзел у вайне:

«Гэта здзіўляе. Людзі вераць таму, што гавораць беларускі і расейскі рэжымы, глядзяць і слухаюць прапаганду, жывуць у тым свеце».

Частка аспрэчвае адмову ў ВНЖ у судзе, і нярэдка суд прымае бок замежніка.

Летась у відзе на жыхарства ў Літве адмовілі 163 грамадзянам розных краінаў з розных прычынаў, з іх усяго 32 – праз пагрозу бяспецы. Гудзінскайце заўважыла, што колькасць адмоваў вырасла праз узмацненне жорсткасці правярання.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў