Зяленскі: «Расея дапамагла пераадолець гістарычныя супярэчнасці Украіны і Польшчы»


Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў пра змены міжнародных адносінаў паміж Украінай і Польшчай. Зяленскі адзначыў, што Расея сваім поўнамаштабным уварваннем прымусіла Украіну і Польшчу забыць пра гістарычныя спрэчкі. Пра гэта Зяленскі заявіў у Вярхоўнай Радзе, паведамляе «Європейська правда».

Уладзімір Зяленскі.
Фота: president.gov.ua

Зяленскі адзначыў, што паміж Украінай і Польшчай цяпер надышлі часы адзінства і ўзаемаразумення, да якіх некалі заклікалі выдатныя дзеячы, пачынаючы з Папы Рымскага Яна Паўла ІІ.

«У адзін дзень стала зразумела, што ўсе гэтыя супярэчнасці не маюць значэння, калі ёсць вонкавая пагроза. Пагроза выжыванню нашых народаў. Мы з Анджэем Дудам імкнуліся да сапраўднага разумення паміж нашымі народамі, разам разбіралі гэтае сховішча супярэчнасцяў. Мы планавалі будаваць мемарыял замірэння на агульнай мяжы. Але ўкраінскія межы перайшлі тыя, хто хочуць іншых мемарыялаў, прысвечаных зусім не міру. Мы абараняем агульны для нас сусвет – пад назвай свабода і незалежнасць, у часы, калі хтосьці робіць варварства касмічнага маштабу. 24 лютага мы пачалі пісаць новы том нашай агульнай гісторыі. Адзінства нашых народаў мусіць працягвацца», – заявіў Уладзімір Зяленскі.

Прэзідэнт Украіны дадаў, што парламенты дзвюх краінаў, урады і ў цэлым народы разумеюць адзін аднаго як ніколі. Ён дадаў, што не важна, ці іх народы выкарыстоўваць кірыліцу ці лацінку, не важна, як пішуць «воля» і «незалежнасць». На ягоную думку, найбольш важна, што пра гэтыя рэчы ўкраінцы і палякі гавораць аднолькава. І аднолькава гатовыя абараняць гэтыя каштоўнасці.

«Без свабоднай Украіны не можа быць свабоднай Польшчы. Гісторыкі спрачаюцца, хто быў аўтарам гэтай фразы. Мы залагодзілі гэтую спрэчку. Гэта воля ўкраінскага і польскага народаў», – сказаў Зяленскі.

Раман Лугоўскі belsat.eu

Стужка навінаў