Самаабвешчаны кіраўнік Беларусі 22 красавіка Аляксандр Лукашэнка падпісаў Закон па пытаннях прадпрымальніцкай дзейнасці.
Паводле прэс-службы Лукашэнкі, «закон устанаўлівае абноўленую архітэктуру прадпрымальніцтва і прадугледжвае дзве катэгорыі, якія займаюцца прадпрымальніцкай дзейнасцю: юрыдычныя і фізічныя асобы».
Да юрыдычных асобаў аднесены малыя арганізацыі з колькасцю працоўных да 100 чалавек, сярэднія – да 250 супрацоўнікаў і буйныя – звыш 250 чалавек. У катэгорыю фізічных асобаў уключаны рамеснікі, уладальнікі аграэкасядзібаў, самазанятыя, індывідуальныя прадпрымальнікі.
Віды дзейнасці, якія цяпер змогуць ажыццяўляць індывідуальныя прадпрымальнікі, будуць вызначаны ўрадам да 1 ліпеня. Па відах дзейнасці, якія не ўвойдуць у зацверджаны спіс, з 1 кастрычніка спыняецца рэгістрацыя новых індывідуальных прадпрымальнікаў. Таксама ўстанаўліваецца абавязак пераходу да 1 студзеня 2026 года дзейных іпэшнікаў у юрыдычныя асобы.
Дагэтуль невядома, якія віды дзейнасці застануцца дазволенымі для ІП. Папярэдні спіс дазволеных відаў дзейнасці быў зліты ў сеціва на пачатку чэрвеня. Туды не трапілі, напрыклад, юрыдычныя паслугі, аптовы гандаль, кур’ерская дзейнасць. Са сферы дзейнасці «інфармацыя і сувязь» хацелі пакінуць толькі камп’ютарнае праграмаванне, кансультацыйныя і іншыя спадарожныя паслугі, з адукацыі – толькі «адукацыю ў галіне фізічнай культуры, спорту і адпачынку». Забараняўся і раздробны гандаль аўтамабілямі і матацыкламі.
Раней «Белсат» тлумачыў, чым пагражаюць прадпрымальнікам змены ў заканадаўстве. Некаторыя эксперты выказвалі меркаванне, што новы закон значна пагоршыць умовы працы шмат якім індывідуальным прадпрымальнікам і стане «чарговым цвікам у труну дробнага бізнесу».
Глеб Нержын belsat.eu