Што робіць у Беларусі рэктар універсітэту, звязанага з ядравай праграмай Ірану


У Менск, прынамсі другі раз за два гады, прыбыў рэктар іранскага ўніверсітэту, што займаецца распрацоўваннем зброі. Пра візіт чыноўніка паведамілі ў Міністэрстве абароны Беларусі. Імаверна, краіны збіраюцца нарошчваць вайсковую супрацу ў межах новай «восі зла». Падрабязнасці гэтага – у матэрыяле «Белсату».

Мэгдзі Джафары падчас наведвання БНТУ. 15 лютага 2023 года, Менск.
Фота: bntu.by

Пра тое, што ў Менск прыбыў намеснік міністра абароны Ірану, рэктар Тэхналагічнага ўніверсітэту імя Маліка аль-Аштара Мэгдзі Джафары, 22 красавіка паведаміў начальнік Дэпартаменту міжнароднай вайсковай супрацы Мінабароны Беларусі Валерый Равенка. Паводле яго, у Менску Джафары плануе наведаць шэраг навуковых установаў Узброеных сілаў і Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Дакладныя мэты візіту не называюцца.

Гэта ўжо не першы прыезд Джафары ў Беларусь. Папярэдні візіт адбыўся ў лютым 2023 года. Тады Джафары, яшчэ будучы прарэктарам, выказваў зацікаўленасць у азнаямленні з факультэтамі тэхнічнага профілю Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту.

«У сувязі з высокай зацікаўленасцю чальцоў дэлегацыі распрацоўкамі БНТУ сустрэча прадоўжылася наведваннем лабараторый прыборабудаўнічага і механіка-тэхналагічнага факультэтаў. Калегам з Ірану былі прадэманстраваныя аптычныя і лазерныя прыборы, тэхналогія ліцця і плаўкі», – раскрывалі падрабязнасці візіту ў Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце (БНТУ).

Сярод іншага, бакі дамовіліся пра стажыяванне ў БНТУ выкладчыкаў і студэнтаў Тэхналагічнага ўніверсітэту імя Маліка аль-Аштара.

Што гэта за ўніверсітэт?

Тэхналагічны ўніверсітэт імя Маліка аль-Аштара ў Іране быў заснаваны ў 1984 годзе ў выніку рэарганізацыі вытворчасці зброі ў краіне. Арганізацыя Аб’яднаных Нацыяў, Еўразвяз і ЗША мяркуюць, што ўніверсітэт датычны да ядравай праграмы Ірану і служыць прыкрыццём для арганізацыі, адказнай за вытворчасць ядравых боегаловак. Універсітэт не пускае да сябе наведнікаў, а інспектарам МАгАтЭ забараніў праводзіць сумоўе са сваймі працаўнікамі. Універсітэт займаецца распрацоўваннем і вытворчасцю іранскіх ракетаносцаў, а іранскія апазіцыянеры заяўлялі, што ён таксама спрыяў распрацоўванню біялагічнай зброі. ВНУ трапіла пад санкцыі ААН і Еўрапейскага Звязу.

Міністр абароны Ірану прызначае Мэгдзі Джафары рэктарам Тэхналагічнага ўніверсітэту імя Маліка аль-Аштара.
Фота: farsnews.ir

Сам універсітэт падначальваецца іранскаму Міністэрству абароны. Летась, пасля прызначэння на пасаду рэктара, Джафары распавядаў іранскім медыям пра планы трансфармацыі ўніверсітэту, каб «рухацца з мэтаю вызначэння будучых патрэбаў Збройных сілаў» і рэалізацыі «стратэгічных гарызонтаў будучыні» Міністэрства абароны.

«Наша мэта – гуляць цэнтральную ролю ў распрацоўванні новых і перспектыўных тэхналогіяў, неабходных цяперашнім і будучым Збройным сілам», – казаў рэктар.

Для гэтага, паводле яго, плануецца павышаць эфектыўнасць даследаванняў на падставе патрэбаў Мінабароны, пашыраць тэхналагічную супрацу з іншымі ўніверсітэтамі, у тым ліку міжнароднымі, і пазбавіцца «тэхналагічна вузкіх месцаў».

Для гэтага ўжо былі заключаныя пагадненні з дзевяццю «сяброўскімі» краінамі, сказаў Джафары:

«Вядома, мы павінны выкарыстоўваць патэнцыял гэтых краінаў у даследчых галінах і надаваць ім паслугі».

Далейшае ўцягванне Беларусі ў «вось зла»

Візіт іранскага госця ў Менск адбываецца неўзабаве пасля ракетнай атакі Ірану на Ізраіль і меркаванага ўдару ў адказ з боку габрэйскай дзяржавы па Ісфахане, побач з якім размешчаныя ядравыя аб’екты.

Іранская дэлегацыя на чале з Мэгдзі Джафары падчас наведвання БНТУ. 15 лютага 2023 года, Менск.
Фота: bntu.by

Як адзначае аўтар і вядоўца праграмы «ПраСвет» на «Белсаце» Сяргей Пеляса, супраца паміж Беларуссю і Іранам у сферы вайсковай прамысловасці ідзе даўно, але яна актывізавалася разам з адкрытай агрэсіяй Расеі супраць Украіны. Паводле Пелясы, гэта звязана з тым, што Беларусь пад кіраўніцтвам Аляксандра Лукашэнкі сталася часткай новай «восі зла», да якой належаць таксама Расея, Іран і Паўночная Карэя.

«Пасля паездкі Лукашэнкі ў Маскву, а таксама пасля абвастрэння канфлікту паміж Ізраілем і Іранам паўстала пэўная новая сітуацыя, калі ад Лукашэнкі патрабавалі больш глыбокага заангажавання ў вайну. Напрыклад, мабілізаваць магчымасці беларускай прамысловасці, беларускага ВПК, беларускага войска на патрэбу Расеі», – кажа Пеляса.

На ягоную думку, Масква і Тэгеран схіляюць рэжым Лукашэнкі да вытворчасці на тэрыторыі Беларусі ўдарных дронаў тыпу «Shahed-136». Раней падобныя звесткі падаваў амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW). Паводле яго, са жніўня 2023-га вялася гаворка пра выраб іранскіх дронаў у Беларусі. Тады ж у Іране пабываў лукашэнкаўскі міністр абароны Віктар Хрэнін. На думку Пелясы, менавіта з вытворчасцю дронаў у Беларусі – яе запускам або інтэнсіфікацыяй, калі яна ўжо запушчаная, – і можа быць звязаны візіт у Менск іранскага чыноўніка.

«Дроны «Shahed» патрэбныя расейцам для правядзення варварскіх атак на Украіну. І для таго каб прыспешыць іх вытворчасць, рабіць іх больш, Беларусь, магчыма, далучылася да вытворчасці гэтых дронаў», – мяркуе Пеляса.

Іранская дэлегацыя на чале з Мэгдзі Джафары падчас наведвання БНТУ. 15 лютага 2023 года, Менск.
Фота: bntu.by

У сваю чаргу, Тэгеран зацікаўлены ў тэхналогіях для развіцця сваіх ядравай і ракетнай праграмаў. У прыватнасці, Ірану могуць быць цікавыя беларускія ракетныя комплексы «Паланэз» ды агулам абыход санкцыяў.

«Іран не валодае некаторымі тэхналогіямі або мае абмежаваныя магчымасці і можа не мець нейкіх навукова-тэхнічных інстытутаў, якія маглі б гэтыя тэхналогіі апрацаваць. У Беларусі захаваліся тэхналогіі, звязаныя з электронікай, з оптыкай, ракетныя тэхналогіі. Іран усё-такі ўжо больш за 40 гадоў функцыянуе ў ізаляцыі», – адзначае Пеляса.

Паводле яго, навукова-тэхналагічная супраца паміж Менскам і Тэгеранам будзе толькі пашырацца, бо «Іран убачыў, што яго дроны і ракеты не такія добрыя, як маглі падавацца – яны да Ізраілю амаль не даляцелі». Пашырэнне такой супрацы Беларусі з Іранам, мяркуе Пеляса, будзе яшчэ глыбей уцягваць нашую краіну ў «вось зла». Пра гэта ж, на думку эксперта, сведчыць і нядаўні візіт беларускай дэлегацыі ў Паўночную Карэю: «Гэта падзеі, звязаныя паміж сабой».

Разбор
Сустрэліся дзве Паўночныя Карэі. Што Менск хоча атрымаць ад Пхеньяна
2024.04.17 19:40

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў