У Курапатах апаганілі помнік Вацлаву Ластоўскаму


На помніку беларускаму грамадскаму і дзяржаўнаму дзеячу Вацлаву Ластоўскаму 21 красавіка з’явіліся абразлівыя надпісы, паведамляе тэлеграм-канал «Спадчына».

У Курапатах быў апаганены помнік Вацлаву Ластоўскаму.
Фота: Spadczyna/Telegram

Мемарыяльны крыж гісторыку і акадэміку, які ўзначальваў урад БНР, Вацлаву Ластоўскаму, паставілі ў Курапатах у 2016 годзе. Вырабілі яго мастак Алесь Цыркуноў і разьбяр Юрась Камандзірчык. Шасціканцовы дубовы крыж аздоблены алейнай размалёўкай і разьбой. Ад моманту ўстаноўкі вандалы неаднаразова апаганьвалі помнік.

Вацлаў Ластоўскі нарадзіўся ў 1883 годзе ў цяперашнім Глыбоцкім раёне Віцебскай вобласці. У 1909-14 гадах быў рэдакцыйным сакратаром газеты «Наша Ніва», таксама рэдагаваў часопісы «Саха» (у 1912 годзе), «Беларускі сцяг» (у 1922 годзе), «Гоман» (у 1916-17 гадах). У снежні 1919 года ўзначаліў Кабінет міністраў Народнай рады БНР.

Вацлаў Ластоўскі быў расстраляны сталінскім рэжымам у 1938 годзе ў Саратаве, куды быў сасланы ў 1931 годзе.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў