У Менску адкрылася выстава адной скульптуры. Яна прысвечаная чарнобыльскай трагедыі


Скульптура, якую можна пабачыць у адной з выставачных залаў у Музеі Заіра Азгура, атрымала назву П’ета (ад іт. pietà – «аплакванне»). Гэта класічная тэма сцэны аплаквання Хрыста Маці Божай у іканаграфіі.

Скульптура «П’ета» Алеся Сакалова.
Фота: АЛ / Белсат

Малады беларускі скульптар Алесь Сакалоў па-свойму ўвасобіў гэтую класічную тэму ў сваім новым творы ды распавёў, што прысвяціў яго чарнобыльскай трагедыі.

«Асабіста я не беспасярэдняя ахвяра Чарнобылю, але мне, як і, напэўна большасці беларусаў, гэтая тэма баліць. Таму для мяне як для скульптара было натуральным папрацаваць над такою мемарыяльнаю тэмай», – кажа Алесь Сакалоў.

Скульптура «П’ета» Алеся Сакалова.
Фота: АЛ / Белсат

Як зазначыў малады творца, на ягонае эмацыйнае ўспрыняцце ды асэнсаванне тых трагічных падзеяў паўплывала кніга Святланы Алексіевіч «Чарнобыльская малітва».

«Мемарыяльная скульптура можа зняць заслону маўчання, часта дапамагае перамагчы ды прагараваць трагедыю, каб прынесці гледачу ачышчэнне і супакой. Гэтая скульптура – спроба аўтара падзяліцца сваім асэнсаваннем і перажываннем з гледачом. У ейным сэрцы палягае вобраз прыняцця і ў той жа час асуджэння. Яна і суддзя, і ахвяра. Маладая, але ўжо пасталела праз боль. Вобраз ейнай асабістай трагедыі, ейных няздзейсненых мараў – на каленях. Ён адначасова сімвал скалечанай прыроды і тысяч асобаў, у жыцці якіх прыйшлі цяжкія пакуты», – распавядае аўтар.

Скульптура «П’ета» Алеся Сакалова.
Фота: АЛ / Белсат

Беларуская П’ета зрэалізаваная ў тэхніцы тэракота – з чырвонай гліны, апаленай высокаю тэмператураю.

«Сам твор нібы разбураецца і знікае. У пластыцы не застаецца месца завершанасці. Яна народжаная з абпаленай зямлі. Я адмыслова абраў гэты матэрыял, гліна – зямля», – распавёў Алесь Сакалоў і дадаў, што ад задумы да рэалізацыі скульптуры прайшоў амаль год. Было намалявана шмат эскізаў, а ўласна на лепку П’еты сышло сумарна больш за 60 гадзінаў працы.

Алесь Сакалоў на сваёй выставе.
Фота: АЛ / Белсат

Мастак адзначыў, што з керамікаю працаваў упершыню і працэс яму вельмі спадабаўся, таму плануе з гэтым матэрыялам працаваць надалей.

Калі казаць пра іншыя матэрыялы, то з імі Алесь Сакалоў працуе ўжо больш за 10 гадоў і даволі паспяхова – бярэ ўдзел у шмат якіх пленэрах і выставах, а адну з ягоных працаў у метале – «Сэрца», можна нават пабачыць у вялікім фармаце каля РНПЦ кардыялогіі ў Менску.

Алесь Сакалоў на сваёй выставе з жонкай Алесяй і сынам Захарам.
Фота: АЛ / Белсат

Можа, некалі ў вялікім памеры мы зможам пабачыць і П’ету, але пакуль яна даступная ў станковым фармаце ў сценах Музею Заіра Азгура.

Выстава адной скульптуры будзе працаваць да 8 траўня.

Выстава адной скульптуры Алеся Сакалова.
Фота: АЛ / Белсат

АЛ, belsat.eu

Стужка навінаў