У маскоўскіх «Лужніках» прайшоў мітынг-канцэрт у падтрымку вайны з Украінай


На стадыёне «Лужнікі» ў Маскве 22 лютага прайшоў мітынг-канцэрт з мэтай прадэманстраваць падтрымку расейскага грамадства ў вайне супраць Украіны. Падчас канцэрту з прамоваю выступіў прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін.

Мітынг-канцэрт у Лужніках 22 лютага 2023 года. Скрыншот з відэа: ТАСС

Уладзімір Пуцін пачаў выступ, павіншаваўшы прысутных на мітынгу-канцэрце з Днём абаронцы айчыны. Выступленне ягонае было кароткае, некалькі хвілінаў.

«Сёння, у рамках «спецыяльнай ваеннай аперацыі» – мы сабраліся тут на святочнае мерапрыемства, але я ведаю, цяпер толькі слухаў найвышэйшае ваеннае кіраўніцтва, – цяпер ідзе бой на нашых гістарычных рубяжах, за нашых людзей. Яго вядуць такія ж мужныя байцы, якія стаяць тут побач з намі», – заявіў Пуцін.

Перад пачаткам канцэрту насупраць «Лужнікоў» паставілі комплекс СПА «Панцыр-С1».

У квітках мерапрыемства было абазначанае як «Святочная праграма «Слава абаронцам Айчыны». Таксама адзначаецца, што Z-сімволіка, якая стала асацыявацца з уварваннем Расеі ва Украіну, на трыбунах адсутнічала.

На канцэрце-мітынгу выступілі Рыгор Лепс, Уладзімір Машкоў, Аляксандр Ф. Скляр, гурты «Любэ», «Город 312» і іншыя расейскія знакамітасці, якія падтрымліваюць вайны. Спявачка Вольга Кармухіна разам з акторамі Дзмітрыем Дзюжавым і Дзмітрыем Харацьянам выканалі песню «Группа крови» Віктара Цоя.

Незалежныя расейскія выданні паведамляюць, што праз холад некаторыя прысутныя пачалі сыходзіць яшчэ да прыезду Пуціна. Раней журналісты «Медузы» паведамлялі, што на канцэрце чакалася 200 тысяч гледачоў, пазней аб такой лічбе прысутных пісалі і дзяржаўныя медыі. Сярод іх – студэнты расейскіх ВНУ, якім паабяцалі вызваленне ад заняткаў.

Апошні раз мітынг-канцэрт з удзелам Пуціна праходзіў у «Лужніках» 18 сакавіка 2022 года – у гадавіну анексіі Крыму.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў