Антон Бяленскі: бізнесовец, які стаў палітыкам і палітвязнем


Антон Бяленскі – паспяховы бізнесовец: у 29 гадоў узначальвае міжнародную кампанію з філіяламі ў розных краінах свету.

Выпускнік ліцэю БДУ і Белдзяржуніверсітэту, з 15 гадоў жыве самастойна – асобна ад бацькоў. Уладальнік чорнага пасу па каратэ і медалёў марафонца. Валанцёр выбарчага штабу Віктара Бабарыкі ды ініцыятывы «Сумленныя людзі». У зняволенні – з 10 жніўня, судзяць паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу – «Актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак». З сваёй сяброўкай Марыяй гуляе ў шахматы з-за кратаў – праз ліставанне, займаецца спортам і самаадукацыяй. Суд распачаўся ў лютым, працяг – 4 сакавіка.

Антон Бяленскі і ягоная сяброўка Марыя.
Фота: ТК / Белсат

Я іду, а вакол стаяць аўтазакі – сэрца сціскаецца, а ўсё роўна іду

– Аднойчы тэлефануе Антон: мама, ты чытала артыкул Віктара Бабарыкі? – згадвае Людміла Бяленская прыход свайго сына ў палітычную кампанію. – Я чытала, і вось мы абмяркоўваем, які гэта разумны і разважлівы чалавек. А літаральна назаўтра Віктар Дзмітрыевіч абвесціў, што плануе вылучацца кандыдатам на прэзідэнцтва. Антон ізноў тэлефануе: мама, хуценька запісвайся ў ініцыятыўную групу!

У выніку ў каманду Бабарыкі сям’я Бяленскіх увайшла поўным складам: Антон і ягоныя бацькі Людміла ды Ігар.

– Антон быў сто трыццаты, і гэта адзін з першых, – дзівіцца спадарыня Людміла. – Я пайшла праз гадзіну, і была ўжо пад нумарам тысяча трыста, а Ігар яшчэ праз гадзіну стаў тысяча дзевяцісотым. Уяўляеце, які быў паток ахвотных дапамагчы Бабарыку?!

– Тата, я пазнаёміўся з такімі людзьмі, кантактаваць з якімі даўно марыў. Там хочацца соднямі быць, проста соднямі, – пераказвае Ігар Бяленскі сынавы ўражанні. – А ад Віктара Дзмітрыевіча ён быў літаральна ў захапленні: ад ягонага інтэлекту, ведаў і цеплыні.

Пропуск Антона Бяленскага ў штаб. ТК / Белсат

Антон Бяленскі заставаўся ў камандзе і пасля затрымання Бабарыкі.

– «Прыходзім у штаб я і Калеснікава. Я іду, а вакол стаяць аўтазакі – сэрца сціскаецца, але ўсё роўна іду», – казаў Антон. І так ён кожны дзень хадзіў, – згадвае спадар Ігар.

Малога бралі яго на рынак замест калькулятара – каб ніхто не падмануў

– Ён вельмі рана ад нас сышоў – як толькі дзевяць класаў скончыў, – кажа мама Людміла, паказваючы Антонаў пакой.

Цяпер тут ейны працоўны кабінет: камп’ютар, паліцы дакументаў. Людміла Бяленская – бухгалтарка ў свайго сына: Антон – заснавальнік і дырэктар міжнароднай кампаніі-франшызы з прадстаўніцтвам у розных краінах свету.

Людміла, маці Антона Бяленскага.
Фота: ТК / Белсат

– Антон вельмі добра вучыўся, ён вельмі здольны. І быў дужа шустры – на ім гарэла ўсё. Вось ён бяжыць па хаце – вушак яшчэ не закончыўся, а ён ужо паварочвае, – смяецца мама.

Яшчэ да школы маленькі Антон дэманстраваў бацькам матэматычныя здольнасці.

– Калі мы хадзілі на рынак, а тады вагі былі стрэлачныя, ён глядзеў на стрэлку, на кошт, і пакуль прадавачка брала калькулятар падлічыць, ён ужо называў і кошт, і колькі рэшты павінна быць, – прыгадвае спадар Ігар.

– Мы яго бралі з сабой замест калькулятара, каб нас ніхто не падмануў, – смяецца спадарыня Людміла.

Бацькі кажуць, што ніколі не кантралявалі хлопчыка, ён быў адказны і заўсёды ўсё рабіў сам.

– У школу я хадзіў толькі шкло ўстаўляць і парты рамантаваць. Кажу ж, гіперактыўнасць, – смяецца тата.

Пакой, у якім у дзяцінстве жыў Антон. Цяпер тут працоўны кабінет ягонай маці.
Фота: ТК / Белсат

Фізічную энергію Антон увасобіў у чорным пасе каратыста, а таксама ў медалях марафонца, якія і цяпер захоўваюцца ў былым ягоным пакоі. А яшчэ на сцяне – маляваны партрэт, які падарыла знаёмая мастачка.

– На гэтым партрэце Антон дакладна такі ж, як і ў жыцці, толькі чамусьці тут вельмі сумныя вочы. І на судзе я заўважыла і была вельмі ўражаная: у яго вялікія-вялікія і вельмі сумныя вочы… Але я не ведаю, чаму: ён у мяне герой! Я ім вельмі ганаруся! – з жалем кажа матуля.

Як пайшоў наш Антон з пятнаццаці гадоў – так і жыве самастойна

– Сын ніколі нічога ў нас не вымагаў, – з гонарам згадвае тата. Антонавы бацькі працавалі ў складзе інжынерна-кіраўнічага персаналу на «Інтэграле» і МАЗе. Кажуць, што вялікіх даходаў не мелі, і хлопчык гэта ведаў: – Нават малы быў: відаць, што хоча цацку, але ніколі не папросіць – толькі патрымаць.

У ліцэі БДУ ў Антона з’явіўся новы, іншагародні сябар. Ягоны тата-бізнесовец набыў сыну кватэру ў сталіцы і папрасіў, каб і Антону дазволілі там жыць.

– Ён так хацеў быць самастойным, і мы дазволілі, – кажа спадар Ігар. – Усё, як пайшоў наш Антон у пятнаццаць гадоў, так і жыве самастойна.

Тата Антона Бяленскага паказвае фатаграфію сына.
Фота: ТК / Белсат

Першае прадпрыемства Антона – заслуга таты. Пасля паспяховага заканчэння факультэту менеджменту БДУ Бяленскі-старэйшы падарыў сыну шынамантаж. Але гандлёвая кампанія з філіяламі ва Украіне, Грузіі, Азербайджане і Казахстане створаная намаганнямі сына.

– Вы не ўяўляеце, як мне яго не хапае! – жаліцца спадарыня Людміла. – Ён вельмі дзелавы, ён працу ведае «ад» і «да», ён умее пераконваць з іскрыстым гумарам, і як кіраўнік ён вельмі таленавіты. Ён вёў усе перамовы з партнёрамі, а цяпер я бухгалтар, і ўсе пытанні трэба вырашаць самой – я нават выказаць не магу, як без яго цяжка!

Я ў такім выглядзе яго забіраць не буду, мусіць быць медычны агляд

– Я вяртаюся з працы і бачу: вакол стаяць мікрааўтобусы танаваныя, там сядзяць людзі з рацыямі, міліцэйскія аўтамабілі. Я прыйшла і кажу: Антон, штосьці адбываецца. А ўжо праз некалькі хвілінаў у пакой уламаліся шасцёра: амапаўцы, іншыя – яны проста вынеслі дзверы. Антону надзелі навалочку на галаву і вывелі, – са слязьмі згадвае дзяўчына.

Антона Бяленскага схапілі ў гатэлі «Беларусь», дзе яны з Марыяй заставаліся ў нумары сваіх сяброў. Дагэтуль невядомыя ў цывільным і ў форме пільнавалі Антона каля дому. Мама і ягоная сяброўка шукалі затрыманага чатыры дні.

Антон Бяленскі з сябрамі.
Фота: ТК / Белсат

За гэты час уварваліся ў дом і схапілі бацьку – Ігара Бяленскага. Мужчына кажа, што білі без перапынку, так, што выбілі зубы.

– Праз некаторы час я ўжо не рэагаваў на боль: цела здрыгаецца ад удараў, але ўжо ўсё роўна было, ад шоку, напэўна, – мяркуе спадар Ігар. Затым яго вывелі «на расстрэл»: – Завялі ў падвал, паставілі на калені, прыставілі пісталет да лоба і запатрабавалі, каб я паведаміў, хто мне дасылаў грошы з Польшчы і колькі моладзі я завербаваў.

– Я ў такім выглядзе яго забіраць не буду, мусіць быць медычны агляд, – заявіў супрацоўнік КДБ, калі прыехаў забіраць спадара Ігара з сутарэнняў Акрэсціна ў турму КДБ. Праз дзесяць дзён спадара Ігара вызвалілі і з «амерыканкі».

– Мяне выкінулі ў нядзелю позна ўвечары, як сабаку, не далі ніводнага дакументу, не пакінулі ніводнай паперкі, ніякіх носьбітаў інфармацыі, нічога. Калі б які патруль ехаў, то, напэўна, зноў бы забралі – не ведаю, як дадому дабраўся. У СІЗА яны паведамілі, што я – падазраваны паводле артыкулу 293 аб масавых беспарадках, а гэта – ад 3 да 8 гадоў.

Антон вучыў мяне рашаць раўнанні з дробамі, расказваў пра электроны, пратоны

«Самае прывабнае ў мужчыну – ягоныя мазгі», – гэтае выказванне спаўна апраўдалася ў гісторыі кахання Антона і Марыі.

– Мы пазнаёміліся праз інтэрнэт, і ён вельмі доўга дамагаўся сустрэчы. Я ўрэшце пагадзілася, і ад тае пары – ужо тры гады – мы разам, – усміхаецца дзяўчына. – Ён вельмі разумны, я такіх разумных людзей не сустракала.

Марыя, сяброўка палітвязня Антона Бяленскага.
Фота: ТК / Белсат

Марыя кажа, што яна поўны гуманітарый і ніколі не мела нічога агульнага з дакладнымі навукамі, у адрозненне ад свайго каханага.

– Ён зразумеў, што я пра гэта нічога не ведаю, і кажа: давай я цябе буду вучыць. І ў нас былі ўрокі матэматыкі, хіміі, фізікі – Антон вучыў мяне рашаць раўнанні з дробамі, расказваў пра электроны, пратоны, – смяецца дзяўчына.

Марыя кажа, што Антон пераканаў яе прайсці курсы тэставальніка і з матэматычнай дакладнасцю расклаў усе перавагі дадатковай прафесіі. На працу дзяўчына ўладкавалася акурат у дзень затрымання каханага, і вось ужо паўгода працуе ў буйной IT-кампаніі.

«Маша, за сваю краіну я гатовы адседзець». Адзінае, што я адказала, што буду яго чакаць

– Аднойчы ён прыйшоў дадому і кажа: «Маша, што ты будзеш рабіць, калі мяне затрымаюць?» – згадвае Марыя. Яна кажа, што Антон прападаў у штабе Бабарыкі так шмат, што яна нават крыўдавала. Але сама ніколі не была звязаная з палітыкаю і нават не ўяўляла, што можа азначаць удзел у прэзідэнцкіх выбарах. – Я яшчэ пасмяялася і кажу: «Супакойся, якое «затрымаюць»?!» Я ўвогуле ў гэта не верыла і проста пасмяялася. Але ён настойваў, кажа: давай прадумаем план. Мы абмеркавалі, і я пра гэта забылася.

Калі пачалі затрымліваць паплечнікаў Антона, і некаторыя валанцёры сталі з’язджаць за мяжу, дзяўчына сама распачала яшчэ адну размову.

– Я падышла і кажу яму: «Можа, час ехаць?» А ён мне адказвае: «Маша, за сваю краіну я гатовы адседзець». Адзінае, што я адказала, што буду яго чакаць дакладна.

– «Машанька, я віншую цябе з Днём усіх закаханых! Калі мы не чытаем гэты ліст разам, значыць, штосьці пайшло не так. Але ў кожным разе наступнага… наступнага 14 лютага… мы будзем разам…

Лісты ад Антона Бяленскага ягонай сяброўцы Марыі.
Фота: ТК / Белсат

Марыя толькі што дастала з паштовай скрыні адразу тры канверты з лістамі ад Антона, спехам адкрывае, плакаць пачынае ўжо на першым… Але неўзабаве дзяўчына ўсміхаецца, дастае шахматы з пастаўленымі фігурамі, робіць ход.

– Мы з бацькамі перадалі ў СІЗА Антону шахматы, і цяпер мы з ім гуляем – праз лісты. У нас першая партыя: ён піша на палях хады, а я пішу ў адказ. У яго апошні ход быў Б2-Б4, а я над сваім яшчэ падумаю, – смяецца дзяўчына. – Гуляем ужо чатыры месяцы і зрабілі хадоў пятнаццаць на дваіх.

Марыя дастае з лядоўні харчы: сыр, зеляніну, мяса, шакалад – заўтра дзень перадачаў у СІЗА. Яна кажа, што лістамі ад Антона, перадачамі для яго і любімай працай і жыве ўсе паўгода расстання з каханым.

– Ён ужо адціскаецца 330 разоў, а падцягваецца 26, – усміхаецца дзяўчына. – Мне без яго вельмі дрэнна. Але я яго разумею і нават цяпер, ведаючы, чым гэта ўсё закончыцца, усё роўна падтрымала б яго. Ён герой!

Марыя гуляе ў шахматы з Антонам Бяленскім праз ліставанне: у кожным лісце яны пішуць наступны ход. На гэты момант яны зрабілі каля 15 хадоў. Марыя спадзяецца, што Антон выйдзе раней, чым скончыцца гульня.
Фота: ТК / Белсат

Беларусы паўсталі за дэмакратычныя каштоўнасці. Дык дапамажыце!

– Гэта не суд – судзілішча. Уся «справа» шытая белымі ніткамі, і ніткі ў іх, напэўна, заканчваюцца, – дзеліцца ўражаннямі пра суд спадар Ігар.

А спадарыня Людміла, дадае:

– Я была на ўсіх паседжаннях Антона і ягоных паплечнікаў. І слухаючы пытанні пракурора, суддзі, зразумела, што ім – усё роўна, хто і што будзе адказваць! Тэрміны ўжо вызначаныя, бо гэта нехта вырашае вышэй! І мне ўвесь час хочацца запытаць: як яны спяць, саджаючы за краты бязвінных маладых і разумных людзей?

– Гэта нашая каштоўнасць, яны павінны прыносіць карысць Беларусі, а не сядзець у турме, – працягвае спадар Ігар. – Мне цяжка, што ён у турме, мне шкада Машу, мне хацелася сям’і, унукаў, але я ганаруся сынам!

Людміла і Ігар, бацькі Антона Бяленскага.
Фота: ТК / Белсат

А яшчэ Ігар Бяленскі звяртаецца да міжнароднай супольнасці.

– Беларусы паўсталі за дэмакратычныя каштоўнасці – тыя, што прапагандуюцца на Захадзе і ў дэмакратычных краінах свету. Дык дапамажыце! А нас проста кінулі – кінулі і ўсё! Але я ўпэўнены, што перамога будзе за намі. Проста ўпэўнены! Бо дабро перамагае зло, і гэта не высокія словы!

Галіна Абакунчык, фота ТК belsat.eu

Стужка навінаў