«Адзіная сіла, здольная спыніць распродаж краіны, – гэта народ Беларусі». Ціханоўская заклікае рыхтавацца да Дня Волі


Былая кандыдатка на прэзідэнцкую пасаду Святлана Ціханоўская заклікае беларусаў рыхтавацца да Дня Волі, паведамляе ейная прэс-служба.

«За апошнія месяцы Лукашэнка не проста давёў Беларусь да страшнага крызісу, але і стаў галоўнай пагрозай незалежнасці краіны. Мы ж бачым: ён спрабуе прадаць Беларусь па частках у абмен на крэдыты і падтрыманне, каб утрымацца яшчэ некалькі месяцаў. Але вясна ўжо блізка.

25 сакавіка – гэта Дзень Волі. Дзень нашай незалежнасці. І я заклікаю ўсіх беларусаў рыхтавацца да гэтага дня ўжо цяпер: мабілізаваць пратэставы дух, выбудоўваць бяспечныя супольнасці, планаваць вяртанне на вуліцы ўласных гарадоў. Бо адзіная сіла, здольная спыніць распродаж краіны, – гэта народ Беларусі.

25 сакавіка – гэта дзень, да якога мы аб’ядноўваем намаганні і заяўляем: мы разам супраць крызісу і за новую Беларусь», – сказала Святлана Ціханоўская.

На мінулым тыдні адбылася сустрэча людзей, зацікаўленых у арганізацыі Дня Волі. Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў ужо дамовіўся з хуткай дапамогай. Засталося падпісаць пагадненне яшчэ з дзвюма службамі. Пасля гэтага заяўку можна будзе адправіць у Менгарвыканкам.

Hавiны
Святкаванне Дня Волі можа быць легальным. Кастусёў пачаў перамовы
2021.02.22 15:22

ЯП belsat.eu

Стужка навінаў