Пасля абмеркавання зменаў у Канстытуцыю ў межах так званай «дыялогавай пляцоўкі» 21 студзеня быў затрыманы працаўнік Высокаўскага ДРБУ-137 Андрэй Дубін. Падчас абмеркавання зменаў, ён выказаў прапанову, каб у выбарах забаранілі ўдзельнічаць вусатым і лысым, піша Еўрарадыё.
«Сведкі затрымання кажуць, што ён выказаў прапанову, каб у выбарах забаранілі ўдзельнічаць вусатым і лысым. Верагодна, супраць мужчыны будзе пачатая справа за абразу Лукашэнкі», – паведамляе выданне.
У Высокім Камянецкага раёну на Берасцейшчыне сапраўды апошнімі днямі праходзілі «дыялогавыя пляцоўкі» у межах абмеркавання зменаў і паправак у Канстытуцыі Беларусі, але пацвердзіць інфармацыю пра затрыманне мясцовага жыхара Андрэя Дубіна пакуль не ўдалося.
Нагадаем, што 14 студзеня быў затрыманы пасля адпраўкі ліста ў раённую газету «Маяк» пенсіянер Мікалай Віцікаў.
«Чалавек называе дзейны орган дзяржаўнага ладу «лукашызмам», прыхільнікаў улады – «ябацькамі», дзеянні праваахоўных органаў «зверствамі амонаўскіх вырадкаў», – пералічвалі пазней у «Маяку».
Новая рэдакцыя Канстытуцыі ўтрымлівае некалькі забаронаў на ўдзел у прэзідэнцкіх выбарах у якасці кандыдата. Узрост будучага прэзідэнта падымаецца да 40 гадоў. І непасрэдна перад выбарамі ён 20 гадоў мусіць пражыць у Беларусі. Таксама цягам жыцця не мусіць атрымліваць грамадзянства ці віду на жыхарства іншай краіны.
ЗК belsat.eu