Ціханоўская ў інтэрв'ю ютуб-каналу «Жизнь-малина» распавяла пра адʼезд з Беларусі і чаму не было інаўгурацыі


Святлана Ціханоўская дала вялікае інтэрвʼю ютуб-каналу «Жизнь-малина» Мікіты Мелказёрава. Палітык распавяла пра тое, як успрыняла прысуд свайму мужу, чаму пасля выбараў не зладзіла інаўгурацыю, а таксама апісала, што адбывалася ў кабінеце Ярмошынай.

Святлана Ціханоўская як і раней не жадае каментаваць словы Лукашэнкі, які распавядаў, што падчас яе выезду ў Літву з Беларусі нібыта даў ёй 15 тысячаў долараў. У размове з журналістам Мікітам Мелказёравым яна паабяцала, што падрабязна распавядзе пра гэта пазней.

Палітык таксама адзначыла, што ў кабінеце Ярмошынай, дзе сілавікі запісалі з ёй відэа, былі Андрэй Паўлючэнка, кіраўнік Аператыўна-аналітычнага цэнтру і Генадзь Казакевіч, намеснік міністра ўнутраных справаў. Сілавікі зладзілі сапраўднае катаванне, патрабавалі зʼехаць з краіны, пагражалі. Тэкст для відэазапісу яны падрыхтавалі загадзя, у ім быў сказ, што перамогу на выбарах атрымаў Лукашэнка, але Святлана адмовілася гэта агучваць.

Ужо ў Літве Святлане Ціханоўскай прапаноўвалі, а некаторыя і настойвалі зладзіць інаўгурацыю.

«А што б гэта змяніла? Ну зладзілі б мы інаўгурацыю, спатрэбілася б вялікая праца па прызнанні іншымі краінамі цябе менавіта прэзідэнтам. Працэс непрызнання легітымнасці чалавека, які гвалтам утрымлівае ўладу, – гэта адно. Але такое двоеўладдзе ў розумах замежных палітыкаў трошкі контраверсійнае. Многія настойвалі і прычыны прыводзілі, чаму гэта трэба было зрабіць, але я часта абапіраюся на сваю інтуіцыю. Я да гэтага часу ня ведаю, ці было гэта правільнае рашэнне», – распавяла Ціханоўская.

Святлана Ціханоўская таксама падрабязна распавяла пра ўзаеміны з Кіевам, Вашынгтонам, а таксама і пра свае стасункі з беларускімі палітыкамі.

Культурны рэпарцёр
«Цябе пазнаюць і ты проста не атрымліваеш працы» – Памідораў пра скасаваныя канцэрты і пераезд у Польшчу
2022.01.21 21:37

ВК belsat.eu

Стужка навінаў