Унікальны фестываль інклюзіўнай творчасці ў Кобрыні за год зрабіўся міжнародным


Яшчэ 5 жніўня ў Кобрыні скончыўся фестываль-конкурс інклюзіўнай творчасці «Пад крыламі Арыёна» – ужо другая такая імпрэза ў Беларусі. Леташні, першы фестываль, гучна заявіў пра наяўнасць інклюзіўнай культуры – творчасці людзей з абмежаванымі магчымасцямі ды асаблівасцямі здароўя, у якой прыярытэтныя – наяўнасць таленту і права кожнага чалавека на асабістую рэалізацыю. Учора ў Менску абмяркоўвалі вынікі другога маштабнага дзейства.

{movie}Фестываль роўнасці. «Навіны культуры»|right|17904{/movie}

«Адзін з нашых творчых кірункаў – вакал. Гэта духоўны і эстрадны кірунак, а таксама жэставае выкананне. Таксама ў нас ёсць такія кірункі, як харэаграфія ды інклюзіўны дуэт, калі пара складаецца з аднаго ўдзельніка, які мае праблемы са здароўем, і другога, які такіх праблемаў не мае», – распавяла кіраўніца фестывалю Алена Пятрэнка.

Сёлетні фестываль «Пад крыламі Арыёна» займеў міжнародны статус, у фінале бралі ўдзел прадстаўнікі ажно васьмі краінаў. Апроч беларускіх выступоўцаў, у Кобрынь з’ехаліся ўдзельнікі з Казахстану, Літвы, Польшчы, Расеі, Украіны, Чэхіі ды Эстоніі. Як кажуць арганізатары, фестываль атрымаў рэзананс і выклікаў вялікую зацікаўленасць праз сваю ўнікальнасць.

«Існуюць інтэграцыйныя фестывалі, – кажа каардынатарка Алена Ільіна-Дамброўская. – Але пра такі кірунак, як у нас, мы не чулі раней. Нашыя дзеці ствараюць, твораць разам. Звычайныя дзеці разам з дзецьмі з асаблівасцямі развіцця ствараюць супольныя нумары, гэтым і цікавыя».

Для Кобрыні міжнародны фестываль-конкурс стаў сапраўднаю падзеяй, якая змяняе горад. Апроч сцэнічнай часткі, «Пад крыламі Арыёна» – гэта яшчэ і майстар-класы ды экскурсіі. Абмяркоўваць вынікі імпрэзы сабраліся чыноўнікі, дыпламаты, а таксама святары.

Протаіерэй Беларускай праваслаўнай царквы Алег Шульгін распавядае: «У гэтага праекту ёсць свой духоўнік, айцец Георгій Арбузаў. Я ўпершыню сёлета далучыўся да гэтага праекту, мяне і пасада мая абавязвае, я кірую сацыяльным аддзелам Менскай епархіі, зараз знаёмлюся з гэтаю дзейнасцю. Вядома ж, мы будзем падтрымліваць праект і інфармацыйна, і арганізацыйна».

Святар адзначыў, што для царквы ўдзел у фестывалі – гэта таксама магчымасць далучыць больш людзей да малітвы.

Іншыя тэмы: На ўскраіне Магілёва трое графіцістаў намалявалі гіганцкае графіці на замову буйнога прадпрыемства. Графіцісты ў Афінах размалёўваюць школу, каб такім чынам аднавіць будынак. Расейскі гурт «Мумий Тролль» выпусціў другі з трылогіі кліп аўтарства Андрэя Flakonkishochk’і.

Адэля Дубавец, «Навіны культуры»

Стужка навінаў