Гэты фестываль пазіцыянуе сябе як эклектычны. На ім няма падзелу на стылі ды жанры, таму тут аднолькава прыязна прымаецца электронная музыка, джаз, фольк і класіка беларускага нямога кіно. Фэст праходзіў адначасова на дзвюх сцэнах – на першай гралі жывыя калектывы, на другой – ды-джэі. Займальная дзея адбывалася і на ўсёй тэрыторыі фэсту.
ЯРАСЛАЎ ЧЫЧЫН, АРГАНІЗАТАР ФЭСТУ:
“Менавіта гэта мы прапісвалі ў афішы – фестываль музычнай культуры. Мы не ўпіраемся ані ў жанры, ані ў межы, ані ў фарматы. Ёсць музыка, і яна розная. Я не ведаю, можа Ніно Катамадзэ захоча сыграць электронік-IDM-музыку, мы нікога не прыціскаем, у нас няма паняцця – тут джаз, а там клубняк, гэта ўмоўна”.
{movie}Музычны рэй на фестывалі «Mirum» у Міры вялі жанчыны |right|17866{/movie}
Гэтак выйшла, што рэй у музычнай праграме вялі жанчыны. Усе шэсць камандаў, якія выступалі на галоўнай сцэне, ачольвалі вакалісткі. Для грузінкі, што жыве ва Украіне, Сафі Вілі, гэта быў першы выступ у Беларусі. Прынялі яе настолькі цёпла, што спявачка збіраецца ўвосень прыехаць да нас з сольным канцэртам.
САФІ ВІЛІ, СПЯВАЧКА:
“Яны не ведалі нашых песень, мы прэзентавалі другі альбом, “Dress”, яго асабліва яшчэ ніхто не чуў, асабліва тут. Але вось гэтая хваля, гэты абмен энергіяй быў, і я вельмі шчаслівая”.
Музычную праграму на галоўнай сцэне позна ўначы закончыў Сяргей Пукст, які агучыў класіку беларускага нямога кіно – фільм “Кастусь Каліноўскі”.
Іншыя тэмы: Галоўныя магілёўскія каманды, а таксама “Дай Дарогу!” і “EPOLETS” з Адэсы выступілі на оўпэн-эйры “Восьмы прыход” пад Магілёвам. У мястэчку Юравічы на Гомельшчыне студэнты-архітэктары прыбіраюць будынак былога езуіцкага кляштару. Макс Корж прэзентаваў новы кліп, у якім абяцае, што ўрэшце будзе “хатні”.
Сяргей Будкін, Адэля Дубавец, “Навіны культуры”, belsat.eu