“Бандэрштат”. Беларусы на ўкраінскім фэсце


“Бандэрштат”. Ва Украіне прайшоў чарговы, ужо восьмы, фестываль патрыятычнай моладзі. Імпрэзу ў Луцку зладзіла моладзевая арганізацыя “Нацыянальны альянс”. Сёлета “Бандэрштат”, як ніколі, аказаўся ў цэнтры зацікаўленасці маладых украінскіх патрыётаў. Толькі ў першы дзень фестываль наведала больш за 3000 асобаў. Падтрымаць украінцаў прыбылі і беларусы.

{movie}Беларусы на ўкраінскім фэсце (04.08.14) |right|17785{/movie}

ІГАР ГУЗЬ, АРГАНІЗАТАР ФЭСТУ:

“Галоўная мэта фестывалю – патрыятычнае выхаванне моладзі. Мы хочам з дапамогаю сучасных формаў, музыкі, сустрэчаў з цікавымі людзьмі, гістарычныя рэканструкцыі перадаць ідэі патрыятызму, нацыяналізму, любові да сваёй бацькаўшчыны”.

Выступы звыш дзясятка музычных гуртоў, сустрэчы з вайскоўцамі ды дзеячамі культуры, а таксама шмат іншага, прысвечанага самай балючай і актуальнай тэме.

ІГАР ГУЗЬ, АРГАНІЗАТАР ФЭСТУ:
“Мы гаворым тут пра пераладаванне Украіны пасля Майдану. Фестываль фактычна праходзіць у час вайны Расеі з Украінаю. Таму на імпрэзе шмат элементаў, звязаных з вайной. Між іншага мы збіраем грошы для жаўнераў”.

На заклік патрымаць украінскіх вайскоўцаў, што змагаюцца за свабоду Украіны, адгукнуліся тысячы ўдзельнікаў фестывалю. Таксама і беларусы.

УЛАДЗІМІР, УДЗЕЛЬНІК ФЕСТЫВАЛЮ:
“Тут няма ніякіх антырасейскіх настрояў. Тут антыпуцінскія настроі. Я мяркую, што ўвесь свет пабачыў, хто такі Пуцін”.

Паводле традыцыі “Бандэрштат” прымае толькі ўкраінскіх выканаўцаў. Аднак як на папярэдніх фестывалях, гэтак і сёлета, выключэнне зрабілі для беларусаў. На музычнай сцэне выступіў гурт “Заточка”, які, апроч беларускіх музычных твораў, прывёз у Луцк сваіх аматараў.

МАКСІМ АСТРАУХАЎ, ВАКАЛІСТ ГУРТА «ЗАТОЧКА», БЕЛАРУСЬ:
“Мы хацелі паказаць, як насамрэч выглядае сітуацыя з рок-музыкаю ў Беларусі, што ў нас ёсць розныя гурты (не толькі тыя, што спяваюць на “Дажынках”, якія могуць качаць публіку”.

ЮРАСЬ, УДЗЕЛЬНІК ФЕСТЫВАЛЮ, БЕЛАРУСЬ:
“Гэта яднанне ўкраінскай і беларускай супольнасцяў. Калі мы сюды прыязджаем, нас тут вельмі добра прымаюць. Людзі падыходзяць, знаёмяцца, абменьваюцца кантактамі”.

Важнасць такога адзінства асабліва выразна паказалі апошнія месяцы.

АЛЕГ АДНАРОЖАНКА, КАМАНДЗІР БАТАЛЬЁНУ «АЗОЎ»:
“Беларусь выдатна разумее, з чым звязаная небяспека з боку неасавецкай, пуцінскай імперыі. Беларусь не застанецца незалежнаю дзяржаваю, калі не перамагчы пуцінскую агрэсію”.

Арганізатары і ўдзельнікі фестывалю “Бандэрштат” спадзяюцца, што налета яны сустрэнуцца ўжо ў іншай рэчаіснасці. А ўсё, што звязана з вайною, назаўсёды застанецца ў далёкай мінуўшчыне.

Ян Бабіцкі, “Аб’ектыў”

Стужка навінаў