Прасоўванні расейцаў у Данецкай вобласці. Што адбываецца ва Украіне?


«Белсат» падводзіць вынікі 666-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 21 снежня чытайце ў нашым аглядзе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Хлопчык праходзіць міма будынку, пашкоджанага ў выніку абстрэлу, у Славянску, Украіна. 19 снежня 2023 года.
Фота: Thomas Peter / Reuters / Forum

Купянскі і ліманскі кірункі (паўночна-ўсходняя частка Харкаўскай вобласці, захад Луганскай і поўнач Данецкай)

На паўночным усходзе Украіны цягам апошніх содняў крыху павялічылася інтэнсіўнасць баявых дзеянняў.

У Міністэрстве абароны РФ заявілі пра адбіццё 10 атак украінцаў на купянскім і ліманскім кірунках каля населеных пунктаў Сынькоўка, Ямпалаўка і Дзіброва.

У сваю чаргу ў Генеральным штабе Збройных сілаў Украіны паведамілі пра 16 няўдалых атак расейцаў каля Сынькоўкі, Петрапаўлаўкі і Іванаўкі на купянскім кірунку, а таксама – 13 атак у ваколіцах Белагораўкі, Цернаў і Спірнага на ліманскім.

Аналітыкі праекту Deepstate мяркуюць, што цяпер расейцы назапашваюць рэзервы, каб павялічыць ціск на пазіцыі ЗСУ.

Бахмуцкі кірунак (лінія фронту ў ваколіцах аднайменнага гораду ў Данецкай вобласці)

На бахмуцкім кірунку, паводле Deepstate, расейскія вайскоўцы маюць поспех каля Хромава і на ўсходзе ад Іванаўскага. Акрамя гэтага працягваюцца баі за вышыню 215,7 метра на паўночным захадзе ад Клішчыеўкі. Пры гэтым аналітыкі зняпраўджваюць паведамленні асобных прарасейскіх крыніцаў пра поўны ці частковы кантроль над сялом.

Генштаб ЗСУ піша, што сілы абароны адбілі атакі расейцаў каля Багданаўкі, Клішчыеўкі і Андрэеўкі.

У Мінабароны РФ паведамілі, што самыя ўкраінцы на бахмуцкім кірунку больш за 10 разоў атакавалі каля Багданаўкі, Белай Гары і Арцёмава, але прасунуцца не здолелі.

Прарасейскі тэлеграм-канал «Два майора» сцвярджае, што таксама ЗСУ няўдала контратакавалі каля Іванаўскага.

Аўдзееўскі і мар’інскі кірункі (на поўначы і захадзе ад Данецку)

Пры гэтым найбольшая актыўнасць расейцаў па-ранейшаму фіксуецца ў ваколіцах Данецку.

На аўдзееўскім кірунку, паводле ўкраінскага камандавання, УС РФ 26 разоў атакавалі каля населеных пунктаў Новакалінавае, Новабахмутаўка, Аўдзееўка, Севернае, Первамайскае і Невельскае, але поспеху не дасягнулі.

Між тым тэлеграм-канал «Белорусский силовик» сцвярджае, што войскі РФ прасунуліся на поўначы ад Стэпавога, а таксама каля Первамайскага, Новакалінавага і Невельскага.

У Deepstate прызнаюць поспехі расейцаў каля Стэпавога: тут яны занялі адну з пазіцыяў ЗСУ каля чыгуначнай лініі і цяпер намагаюцца замацавацца пры падтрымцы цяжкай тэхнікі.

У гэты ж час асобныя прарасейскія крыніцы мяркуюць, што ўкраінская групоўка войскаў у Аўдзееўцы страціла магчымасць для выхаду, бо ўсе дарогі знаходзяцца пад пастаяннымі абстрэламі з боку праціўніка.

На мар’інскім кірунку Узброеныя сілы РФ наступаюць каля Мар’інкі, Пабеды і Новаміхайлаўкі.

Расейскі ваенкор Сямён Пегаў гаворыць, што УС РФ прасунуліся да Новаміхайлаўкі з паўднёвага ўсходу і працягваюць ціснуць на сам населены пункт.

У Deepstate пішуць, што сітуацыя ў Новаміхайлаўцы цяжкая і можа перайсці ў крытычную для ЗСУ. Пры гэтым аналітыкі адзначаюць, што ўкраінцы змаглі выбіць праціўніка з тэрыторыі фермы (на поўдні ад сяла).

Бярдзянскі і мелітопальскі кірункі (лінія фронту на поўдні Данецкай вобласці, а таксама ў Запарожскай вобласці)

На поўдні краіны ідуць баі на выступе па фронце каля гораду Арэхаў у Запарожскай вобласці. Тут ініцыятыва таксама перайшла да Узброеных сілаў РФ.

Ва ўкраінскім Генштабе паведамляюць пра 6 адбітых атак за содні на захадзе ад сяла Вэрбовае і з поўдня ад суседняга Работына.

Пры гэтым самыя ЗСУ вядуць актыўную абарону, контратакуючы на асобных участках. Зменаў не зафіксавана.

На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

Наталля Кулыгіна belsat.eu 

Стужка навінаў