Не вытрываў катаванняў? Ці рэч у грошах? Пра палітвязня Антона Лысава, які адправіўся на фронт

Інфармацыю пра чалавека, якога вызвалілі з беларускай турмы і экстрадавалі ў Расейскую Федэрацыю, абмяркоўваюць менавіта таму, што ён быў прызнаны палітычным вязнем.

Антон Лысаў.
Фота: ne_zdorov_ / Instagram

Антон Лысаў – грамадзянін Расеі, ён нарадзіўся ў Чэбаксарах. Суд пакараў яго 10 гадамі пазбаўлення волі за падпал аўтамабіля старшыні Дзяржаўнага камітэту судовых экспертызаў. Кваліфікавалі ўчынак Лысава як «замах на наўмыснае знішчэнне чужой маёмасці, здзейснены агульна небяспечным спосабам, арганізаванаю групай, які пацягнуў прычыненне шкоды ў асабліва буйным памеры».

Праваабаронцам стала вядома, што яму прапанавалі ўзяць удзел у вайне супраць Украіны на баку расейскага войска. Не выключаюць, што Лысаў сам падаў такое прашэнне. Яго экстрадавалі проста з калоніі № 3, што месціцца ў Віцьбе Віцебскай вобласці.

Антон Лысаў – далёка не першы расеец, які з турмы выправіўся на фронт. Ці маюць у гэтым выпадку значэнне матывы, якія штурхнулі яго на гэты крок? Што такое прапаганда, як яна дзеіць на розумы людзей, што нават добра разбіраюцца ў палітыцы і ў метадах вядзення прапаганды, вядома. Альтэрнатыўных крыніцаў на зоне проста няма. Выйсці на волю і ехаць ваяваць ці заставацца ў нялюдскіх умовах турмы з біркаю палітвязня? Чалавек зрабіў свой выбар.

Што ж ён атрымае як добраахвотнік войска Расейскай Федэрацыі? Калі адкінуць магчымыя раненне або смерць, а таксама тое, што ўвесь свет будзе лічыць яго агрэсарам і акупантам, то грашовае забеспячэнне ў выпадку, калі той пойдзе на фронт як шараговец, складзе 195 тысячаў рублёў (каля $ 2167). Як камандзір узводу ён можа атрымліваць 225 тысячаў рублёў. Апроч таго, калі будзе браць удзел у наступе, то дадаткова кожны дзень будзе атрымліваць амаль 8 тысячаў рублёў (каля $ 90). А яшчэ дадаткова аплочваюць прасоўванне на кожны кіламетр у складзе штурмавых атрадаў – 50 тысячаў рублёў ($ 555).

Але невядома, ці доўга Лысаву ўдасца атрымліваць гэты заробак. Застаецца яшчэ і вельмі верагодная рызыка трапіць ва ўкраінскі палон. Іронія лёсу: з турмы – у палон. А яшчэ не выключана, што ў войску ён можа сустрэць беларусаў, якія таксама пастанавілі ваяваць на баку Расеі. Такія тамака ёсць.

Паводле закону, у расейскім войску добраахвотнікамі могуць служыць толькі грамадзяне Расейскай Федэрацыі. З гэтым у Антона Лысава няма праблемаў. Таму яго, хутчэй за ўсё, адразу адправяць на фронт. А як у расейскае войска трапляюць грамадзяне Беларусі, калі закон забараняе браць на службу замежнікаў? А ўсё вельмі проста: грамадзяне Беларусі (дарэчы, як і грамадзяне Казахстану) з гэтаю мэтай атрымоўваюць расейскае грамадзянства паводле паскоранай працэдуры. Даюць яго ўсім ахвочым на працягу месяца. Пры гэтым ніхто не адмаўляецца ад беларускага грамадзянства. Тым больш ад яго і адмовіцца не так проста – неабходна, каб адпаведны ўказ падпісаў Лукашэнка, а гэта шмат часу і шмат папераў. У іншых краінах адмова ад грамадзянства – таксама ўказ і подпіс, але там гэтая працэдура мае значна больш просты характар.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Мужчына, прызваны на вайсковую службу ў межах частковай мабілізацыі, з’явіўся ў вайсковы камісарыят Кунцаўскага раёну Заходняй адміністрацыйнай акругі Масквы, Расея. 25 верасня 2022 года.
Фота: Komsomolskaya Pravda / Russian Look / Forum

Калі ў грамадзяніна Рэспублікі Беларусь ёсць на руках расейскі пашпарт ці яшчэ хоць з дзясятак пашпартоў іншых краінаў, то ён усё роўна лічыцца на тэрыторыі Беларусі яе грамадзянінам, з усімі наступствамі.

Аляксандр В. – беларус, які ваюе ў ЗСУ на баку Украіны яшчэ з 2014 года. Ён апавёў: «У гэтых – адна матывацыя: грошы. З Беларусі едуць у асноўным у Смаленск. Там ідуць на прызыўны пункт, і ўсё. Ніякіх праблемаў. Можа, там і будзе пара ідэйных, але ў асноўным гэта толькі грошы. У любым разе ўжо на вайне яны адразу разумеюць, хто агрэсар і хто акупант. Грошы і толькі грошы. Ну, ёсць, вядома, і проста аматары пастраляць, калі з’явілася такая магчымасць і за гэта табе яшчэ і плацяць».

Іншы мой суразмоўца, Вадзім С., пайшоў ваяваць у ЗСУ праз пару месяцаў пасля поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну. Ён сутыкаўся з беларусамі, якія пайшлі ваяваць супраць Украіны. Папрасіла адказаць, ці шмат іх.

«Статыстыкі такой ніхто не ведае і ведаць не можа. Не думаю, што нехта з Міністэрства абароны Расеі апублікуе дакладную колькасць, калі ўвогуле ёсць нейкі ўлік на гэтую тэму. Але раней мы бралі пару разоў у палон беларусаў, цяпер ужо наўрад. Не таму, што іх там няма. Не ведаю нават, як вам гэта сказаць, каб не выглядала цынічна, але гэта вайна, а вайна – гэта яшчэ і бізнес. Дык вось: беларусы нікому ў выглядзе палонных не патрэбныя. Разумееце? Гэта як бы неканверсоўны тавар. Яны не патрэбныя ні нам, ні Лукашэнку, ні Пуціну. Патрэбныя палонныя, якіх можна абмяняць ці прадаць. Вось такая праўда вайны. Ну як «што з імі робяць»? Як вы самі думаеце?..

Для расейцаў добрыя палонныя – грамадзяне краінаў ЕЗ, ну і іншыя могуць быць, за якіх дакладна заплацяць ці нешта зробяць, каб вызваліць. А беларусы трапілі менавіта ў такую сітуацыю. Ведаеце, на баку Украіны ваююць у тым ліку і беларусы, якія таксама прыйшлі ваяваць не столькі з ідэйных меркаванняў, колькі праз заробак. Заробкі прыкладна аднолькавыя і ў расейцаў, і ва ўкраінцаў. Так, удома няма працы, а калі і ёсць, то з такім заробкам, што толькі на ежу. Праца гэтая, вядома, нялёгкая і небяспечная. У расейцаў зброі шмат і жывой сілы. Нам цяпер зброя вельмі неабходная. Вельмі. А той хлопец, палітвязень, можа, проста не вытрываў умоваў. Вось і папрасіўся на фронт».

Выпадак з расейцам Антонам Лысавым, якога беларускія праваабаронцы прызналі беларускім палітычным вязнем, – адзін з прыватных эпізодаў гэтай жудаснай вайны. Як складзецца лёс гэтага чалавека, які прайшоў праз катаванні і ўсе турэмныя пакуты разам з беларусамі? Што ён будзе сам сабе казаць, страляючы ва ўкраінскіх салдатаў? А ўвогуле ў яго яшчэ застаецца варыянт, як паступіць, каб гэтага не рабіць.

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў