Гарадзенскага блогера Вадзіма Ермашука (Vadimati) асудзілі да трох гадоў калоніі


Ермашука судзілі паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу Беларусі: «Здзек з дзяржаўных сімвалаў» (арт. 370) і «Абраза прэзідэнта Беларусі» (арт. 368). Вырак вынес суддзя Шчучынскага раёну Дзмітрый Цівунчык.

Пасля агучвання прысуду Вадзім Ермашук падзякаваў усім, хто яго падтрымлівае, паабяцаў вытрымаць гэтае выпрабаванне і абавязкова дачакацца вызвалення.

Ужо ў чацвер, 23 снежня, блогера перавядуць у гарадзенскую турму.

Вадзіма Ермашука абвінавацілі ў наўмысным прыніжэнні Аляксандра Лукашэнкі і абразе дзяржаўнага сцяга праз публікацыі ў Instagram. Так, у жніўні і верасні мінулага года Вадзім суправаджаў фотаздымкі з Лукашэнкам подпісамі «нелегітымны прэзідэнт», «апошні дыктатар Еўропы АГЛ», «пацучыны кароль».

Лінгвістычная экспертыза гэтых выразаў дала заключэнне на карысць блогера, не знайшоўшы ў іх прыкметаў абразы. Другі крымінальны артыкул на Вадзіма завялі за відэа ў сторыз, знятае на скідзельскай аўтазапраўцы, дзе блогер бярэ ў рукі чырвона-зялёны сцяжок і кажа, што занадта дорага каштуе кавалак анучкі. Адвакат падчас спрэчак падкрэсліў, што Вадзім анучкай назваў матэрыял, з якога зроблены сцяг, а не сам сцяг.

Артыкулы
«Я закон не парушаю, раблю ўсё для людзей». Хто такі блогер Вадзімаці, якога будуць судзіць за абразу Лукашэнкі?
2021.12.13 18:04

Вадзім не прызнаў сваёй віны ні па адным абвінавачанні. На судзе адмовіўся ад дачы паказанняў і тлумачэнняў.

Вадзім Ермашук застаецца за кратамі з 16 жніўня. Яго затрымалі ў Шчучыне нібыта за заклікі прыехаць на спартовае масавае мерапрыемства – на мясцовую скейт-пляцоўку. 19 жніўня Дзмітрый Цівунчык прысудзіў блогеру 25 содняў арышту паводле арт. 24.23 КаАП.

9 верасня Вадзіма асудзілі яшчэ на 15 содняў нібыта за хуліганства – «абразу работнікаў ЖКГ і гарвыканкаму» праз тэлефон. Затым яго асудзілі на содні трэці раз – за распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці. Пакуль блогер быў у ізалятары, на яго распачалі дзве крымінальныя справы. За гэты час зачыніўся павільён на рынку «Карона», дзе ён гандляваў адзеннем.

Вадзіму 36 гадоў, гарадзенец. Мае юрыдычную адукацыю. Працаваў на гарадзенскім рынку прадаўцом вопраткі. Больш ён вядомы як Instagram-блогер – колькасць падпісантаў на ягоны акаўнт перавышае 41 тысячу карыстальнікаў. Вадзім займаўся дваравым актывізмам і дапамагаў пераадольваць мясцовыя праблемы.

Актыўную палітычную пазіцыю ён пачаў выказваць з пачаткам пратэставай актыўнасці ў Горадні летам 2020 года. Хадзіў на перадвыбарчыя пікеты, мітынгі кандыдатаў на прэзідэнцтва, распавядаў пра ўсё сваім падпісантам.

Пасля выбараў ён неаднаразова выказваўся супраць гвалту і беззаконня на вуліцах, падтрымліваў палітвязняў, дапамагаў іхным сем’ям, наведваў суды па «палітычных» працэсах і распавядаў пра іх у сваім блогу.

СП, belsat.eu

Стужка навінаў