Экаабаронца Ірына Сухій: «БелАЭС трэба закрыць і ніколі больш не адкрываць»


Па стане на 1 ліпеня 2021 году на Беларускай АЭС мелася 14300 нявыпраўленых недаробак, на 1 снежня колькасць хібаў складала 3000. Гэтую інфармацыю, атрыманую «Белсатам» ад кіберпартызанаў, пракаментавала сябра рады грамадскага аб’яднання «Экадом» Ірына Сухій. Яна кажа, што станцыю трэба закрываць.

БелАЭС. 25 красавіка 2021 года. Астравецкі район, Беларусь.
Фота: ВК / Белсат

«У прынцыпе – станцыю нельга было запускаць ніколі. А калі мы ўжо бачым, што ёсць куча недаробак, дык незразумела, навошта і куды мы бяжым, што і каму хочам даказаць… Рызыкаваць здароўем, бяспекай і жыццём людзей, мне падаецца, абсалютна амаральна і недапушчальна. Канечне, станцыю трэба закрыць і ніколі не адкрываць», – выказала меркаванне Ірына Сухій.

Экспертка выказала асцярогі, што ўлады могуць адрэагаваць на выцек інфармацыі неадэкватным чынам: пачнуць шукаць крыніцу выцеку замест таго, каб займацца ліквідаваннем хібаў. Але, з іншага боку, ёсць надзея, што гэтая інфармацыя станоўча паўплывае на працаўнікоў АЭС:

«Усё ж там працуюць людзі не зусім без глуздоў. І гэта прымусіць больш сурʼёзна паставіцца да таго, што адбываецца. Магчыма, больш сурʼёзна паставіцца да фізічнага пуску другога рэактара. Таму што, як выявілася, кіберпартызаны маюць магчымасць атрымаць нейкую інфармацыю – і ўсё таемнае становіцца яўным.

І тыя людзі, якія адказваюць за пэўныя часткі працы, будуць пра гэта думаць і будуць займацца не тым, як лепей схаваць інфармацыю, а проста лепей выконваць сваю працу», – сказала Ірына Сухій.

Hавiны
Фізік-ядравік Андрэй Ажароўскі пра БелАЭС: «Энергаблок атрымаўся крывенькі»
2021.12.20 22:00

Яна сцвярджае, што арганізацыя «Экадом» яшчэ да запуску БелаАЭС спрабавала пераканаць дзяржаву не запускаць станцыю, пакуль не будуць выкананыя ўсе рэкамендацыі па бяспецы. Арганізацыя раіла пусціць на АЭС незалежную экспертную камісію, каб тая магла праінспектаваць гатовасць абʼекту да пуску. Але ўлады на гэта не пайшлі.

На думку Ірыны Сухій, у тым, што Беларускую АЭС, нягледзячы на шматлікія недаробкі, усё ж запусцілі, вінаваты не яе будаўнік «Росатом», а беларускі рэжым, які чыніў ціск не толькі на экалагічных актывістаў, але і на экспертаў, якія павінны былі падпісваць дакументы і прымаць рашэнні.

«У сітуацыі рэпрэсіяў і пераследу ўжо немагчыма давяраць гэтай экспертызе. І мы не можам давяраць зараз «Дзяржатамнагляду», таму што людзі знаходзяцца ў такой сітуацыі, калі не могуць супрацьстаяць ціску і, магчыма, не могуць адэкватна выконваць свае абавязкі», – гаворыць Сухій.

«І калі запусцілі АЭС, стала відаць, што яна то ўключаецца, то выключаецца. Тым самым пацвярджаюцца нашыя асцярогі, усе нашыя крыкі, лямант, петыцыі ды іншыя рэчы. Але ніхто тады не звяртаў на гэта ўвагі», – падсумоўвае экспертка.

Hавiны
Мінінфарм заблакаваў сайты экалагічнага аб’яднання «Экадом» і іншых грамадскіх арганізацыяў
2021.11.04 08:51

Першы блок БелАЭС у Астраўцы быў запушчаны 7 лістапада 2020 году. Ужо на наступны дзень турбіну спынілі. Да сённяшняга дня яе прыпынялі ўжо 9 разоў. 25 красавіка Міністэрства энергетыкі паведаміла пра хакерскі ўзлом афіцыйнага сайту АЭС.

Больш падрабязна аб тым, якую інфармацыю атрымалі з БелАЭС кіберпартызаны, глядзіце ў праграме «Белсату» «Давайце разбірацца».

Расследaванні
АЭС – каштоўнае набыццё ці крыніца бясконцых стратаў? Расследаванне «Белcату»
2021.12.21 17:02

ЗК, belsat.eu

Стужка навінаў