Сабака ў Барысаве пакусаў мінакоў. На гаспадара завялі крымінальную справу


Супраць барысаўца пачалі крымінальную справу за тое, што адзін з ягоных сабакаў пакусаў мінакоў. Мужчыну выставілі абвінавачанне паводле арт. 155 («Прычыненне менш цяжкіх цялесных пашкоджанняў праз неасцярожнасць») Крымінальнага кодэксу, паведамляе Следчы камітэт.

Крыніца: sk.gov.by

Паводле версіі следства, мужчына ў траўні гэтага года выпусціў сваіх сабакаў пароды тыбецкі мастыф з вальеру на двор і зʼехаў, пакінуўшы іх без нагляду. Адзін з сабакаў пайшоў з двара і ў выніку пакусаў шасцярых жыхароў гораду ва ўзросце ад 46 да 68 гадоў. Пацярпелі тры жанчыны і трое мужчынаў. Дзве жанчыны былі шпіталізаваныя, адну з іх рэанімавалі.

Падчас следства таксама высветлілася, што ў 2021 годзе мужчына двойчы прыцягваўся да адміністратыўнай адказнасці за парушэнне правілаў утрымання жывёлы, што прывяло да прычынення шкоды здароўю людзей.

Крыніца: sk.gov.by

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў