Ад голаду не памром, але выбар памяншаецца. Паглядзелі, што змянілася ў крамах ад рэгулявання коштаў


Пасля ўвядзення ў Беларусі рэгулявання коштаў сітуацыя ў крамах са спажывецкімі таварамі першай неабходнасці асабліва не змянілася. Пакупнікі звяртаюць увагу, што часам можна набыць і больш танныя, чым раней, харчы. Затое з паліцаў паступова знікаюць замежныя вырабы і тавары так званага прэміум-класу. «Белсат» высвятляў, што насамрэч стала таннейшым, а што падаражэла і што стала дэфіцытам.

Прадукты харчавання ў Беларусі. 26 красавіка 2022 года.
Фота: Белсат

Паліцы з харчовымі таварамі ў беларускіх крамах пасля ўвядзення ўладамі краіны механізмаў рэгулявання коштаў не асабліва змяніліся. Пакупнікі звяртаюць увагу, што сапраўды, кошты на некаторыя тавары зменшыліся. Гэтак, напрыклад, калі яшчэ ў пачатку кастрычніка самая танная макарона з цвёрдых гатункаў пшаніцы каштавалі каля 4 рублёў, то цяпер можна набыць гэты тавар па 2,5 рубля. Праўда, час ад часу макарона з такім коштам знікае, але пасля новага прывозу зноў з’яўляецца. Адметна, што паліцы, пакуль адсутнічае танны тавар, не пустуюць, а запаўняюцца іншым гатункам, але і з іншым коштам, які набліжаецца да 6 рублёў за пачак.

Кошты ў беларускіх крамах.
Фота: Белсат

Мяса і малочныя вырабы ў крамах даступныя ў любой колькасці, і кошты на гэты тавар не змяніліся. Зрэшты, яшчэ да пастановы аб замарожванні коштаў улады сачылі, па якой цане адпускаюць гэты тавар у крамах. Сацыяльна значныя тавары здаўна ў Беларусі былі пад пільнай увагай чыноўнікаў.

Даволі шырокі асартымент на паліцах гародніны, садавіны, прысмакаў. Кошты на гэтыя тавары з кастрычніка асабліва не змяніліся. Адметна, што прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка абяцаў: кошты на гародніну нават знізяцца, паколькі ў краіне сабралі добры ўраджай. Але асаблівага зніжэння не адбылося.

Што да прысмакаў, то нягледзячы на колькасць, якасць тавараў змянілася. Цяпер той жа шакалад, кава, печыва з Еўропы ўсё меней рэпрэзентаваныя на паліцах у крамах. На іх месцы ўсё больш тавараў расейскай вытворчасці.

Кошты ў беларускіх крамах.
Фота: Белсат

Чытачы «Белсату» дзеляцца ўражаннем: часам у рэгіёнах паліцы крамаў такія ж, як у Расеі, паколькі пераважная маса тавараў – расейскай вытворчасці ды значна саступае еўрапейскай у якасці. Асабліва гэта прасочваецца з слабаалкагольнымі напоямі кшталту піва, рознымі кактэйлямі. У дзяржаўных крамах асобныя паліцы цалкам застаўленыя вырабамі расейскіх брэндаў, што і стварае ўражанне не пра беларускую краму, а рэгіянальную расейскую.

Аналітыка
Ізноў сабралі меней. Што адбываецца паміж беларусамі і бульбаю
2022.11.21 16:30

Разам з тым з паліцаў практычна зніклі ўкраінскія тавары. Тэндэнцыя выціскання вырабаў з Украіны пачалася даволі даўно, пішуць чытачы «Белсату».

«Раней шмат у якіх беларускіх крамах можна было набыць украінскую халву. Сапраўды, надзвычай смачная. Але яшчэ колькі гадоў таму яна знікла, а на яе месцы з’явілася халва расейскай вытворчасці. Гэты тавар з Расеі істотна саступае ўкраінскаму. Але людзей пазбавілі выбару, хоць, безумоўна, ён быў не на карысць расейскай халве. Падобная сітуацыя і з украінскім півам, вырабамі з вядомай фабрыкі «Рашэн». Тое ж можна сказаць і пра ўкраінскую соду, таматны кетчуп. Цяпер у беларускіх крамах гэтага няма», – адзначаюць чытачы «Белсату».

Знікненне ўкраінскіх тавараў даволі істотна адчулі беларусы, якія паведамляюць, што прызвычаіліся да якасных і танных вырабаў з суседняй краіны. А цяпер добрай альтэрнатывы гэтым таварам няма.

Манометр, набыты за 6 руб. у кастрычніку і за 7,50 руб. у пачатку лістапада ў адной і той жа краме.
Фота: Белсат

Еўрапейскія тавары робяцца дэфіцытам

Чытачы «Белсату» паведамляюць, што сутыкнуліся з адсутнасцю ў крамах папулярнага напою «Кока-Кола».

«Спачатку каля дому, у краме мясцовай гандлёвай сеткі ў Берасці, а сёння непрыемна здзівіліся, калі не змаглі знайсці знакамітага напою ў супермаркеце Менску. Таксама шакуюць і непакояць пустыя паліцы ў сетцы крамаў «Востраў чысціні і смаку» і «Еўраопт». Жыць зноў у 90-х не хацелася б», – турбуюцца беларусы.

Мяркуючы з каментароў чытачоў, больш зменаў заўважылі тыя беларусы, узровень жыцця якіх вышэйшы за сярэдні. У прыватнасці, жыхары сталіцы скардзяцца, што зменшыўся асартымент сыроў і каўбасаў еўрапейскай вытворчасці, якія ў рэгіёны і раней не даязджалі.

«Паводле маіх назіранняў больш за іншых пацярпеў выбар сыроў, каўбасаў і шакаладу. Пачынаючы з канца лютага назіраю як італьянскія, французскія і іспанскія вытворцы паступова замяняюцца расейскімі аналагамі, а некаторыя гатункі і зусім знікаюць. Прылаўкі з сырам па-ранейшаму ломяцца ад тавараў. Прыглядаюся і разумею, што сярод усёй разнастайнасці імпартных вытворцаў пакупніку даступная прадукцыя з Аргентыны, Чылі, Егіпту. Раней іх наогул не заўважала. У аддзеле з каўбасамі мы бываем рэдка  – толькі калі хочацца купіць трошкі на нарэзку да сняданку. Магла ўзяць пад настрой ці іспанскі фуэт або італьянскі сервелат і прашута. Нічога з гэтага на прылаўках ужо даўно няма», – распавяла чытачка «Белсату».

Сітуацыя з нехарчовымі таварамі яшчэ горшая. У крамах усё меней касметыкі і вырабаў бытавой хіміі з Еўропы. Замест еўрапейскіх тавараў пачалі з’яўляцца вырабы з Паўднёвай Карэі. Касметыка і тыя ж пральныя парашкі з Карэі якасцю даволі добрыя. Праўда, кошты таксама не малыя.

Еўрапейскія тавары на беларускіх паліцах паступова знікаюць і робяцца дэфіцытам. Тую ж зубную пасту «Lacalut» цяпер адшукаць даволі складана. Таксама раней можна было практычнай у любой краме набыць лак для валасоў «Wella». Цяпер гэта таксама дэфіцыт.

Чытачы «Белсату» паведамляюць, што такая сітуацыя характэрная не толькі для крамаў, але і для буйных гандлёвых інтэрнэт-пляцовак. Найбольш папулярныя гандлёвыя пляцоўкі ў сеціве – «21vek», «deal.by», «wildberries» – усё меней прапаноўваюць тавараў замежнай вытворчасці і ўсё болей расейскіх.

Аналітыка
Галоўчанка сцвярджае пра адаптацыю гандляроў, а спажыўцы адчуваюць дэфіцыт некаторых тавараў
2022.11.01 17:07

Мікалай Каткоў belsat.eu

Стужка навінаў