Масква выдала Менску сем датычных да экстрэмізму грамадзянаў


Масква выдала Менску сем грамадзянаў, якія, на меркаванне следчых, маюць дачыненне да экстрэмізму і тэрарызму, а Менск выдаў пяць асобаў. Аб гэтым 21 кастрычніка паведаміў генеральны пракурор Андрэй Швед у Берасці, дзе праходзіць паседжанне супольнай калегіі пракуратураў дзвюх краінаў.

Генеральная пракуратура Беларусі.
Фота: Sputnik Беларусь

Андрэй Швед адзначыў шчыльнае ўзаемадзеянне з расейскімі калегамі, аператыўны абмен інфармацыяй: «Не было ніводнага выпадку, каб неаператыўна былі разгледжаны запыты Генеральнай пракуратуры Беларусі аб выдачы асобаў, якія маюць дачыненне да экстрэмізму і тэрарызму. Толькі за апошні перыяд часу з Расейскай Федэрацыі нам выдадзеныя сем грамадзянаў Беларусі, якія абвінавачваюцца ва ўчыненні злачынстваў, звязаных з экстрэмізмам».

Акрамя таго, Генпракуратура Беларусі накіравала пяць крымінальных справаў у дачыненні грамадзянаў Расеі, якіх падазраюць ва ўчыненні экстрэмісцкіх дзеянняў і злачынстваў на тэрыторыі рэспублікі. Адна справа ўжо разгледжаная судом у Казані: 42-гадовы расяянін засуджаны на 1,5 года пазбаўлення волі. «У верасні 2020 года ён пагражаў начальніку ўпраўлення інспекцыі МУС расправай, у тым ліку фізічнай, яму і чальцам ягонай сям’і. У зробленым раскаяўся, кампенсаваў цалкам шкоду», – дадаў генпракурор. Лёс астатніх крымінальных справаў, накіраваных расейскім калегам, нагляднае ведамства трымае на кантролі.

Hавiны
Беларус, які парэзаў сабе жылы ў аэрапорце Сочы пры экстрадыцыі, цяпер у Пружанскім ІЧУ
2022.10.17 15:03

Таксама Швед выказаўся пра «рост пратэставай актыўнасці ў інтэрнэце»: «У выніку прыняцця дзяржаўнымі органамі скаардынаваных мераў у краіне забяспечаная стабільная і кантраляваная абстаноўка. Разам з тым адзначаецца тэндэнцыя ўзняцця пратэставай актыўнасці ў інтэрнэт-прасторы. Мірная рыторыка адкінутая – адкрыта вядзецца гаворка аб ажыццяўленні тэрарыстычных актаў і неабходнасці замежнай ваеннай інтэрвенцыі з мэтаю сілавога зрынання ўлады».

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў