Беларускіх правайдараў і мабільных аператараў абавязалі выкарыстоўваць для ўзаемадзеяння з органамі, якія ажыццяўляюць аператыўна-вышуковую дзейнасць, спецыяльную інфармацыйную сістэму. Гэтага патрабуе ўказ № 368, апублікаваны 21 кастрычніка на Нацыянальным прававым партале.
Указ № 368 зацвердзіў Палажэнне аб парадку ўзаемадзеяння аператараў электрасувязі, пастаўнікоў паслуг электрасувязі і ўладальнікаў інтэрнэт-рэсурсаў з органамі, якія ажыццяўляюць аператыўна-вышуковую дзейнасць.
Цяпер згаданыя арганізацыі ды асобы абавязаныя выкарыстоўваць інфармацыйную сістэму электроннага ўзаемадзеяння пастаўнікоў паслуг электрасувязі, уладальнікаў інтэрнэт-рэсурсаў і органаў, якія ажыццяўляюць аператыўна-вышуковую дзейнасць.
Патрабаванне ўступае ў моц праз шэсць месяцаў пасля афіцыйнага апублікавання ўказу.
Дапускаецца ўзаемадзеянне правайдараў, мабільных аператараў і ўладальнікаў сайтаў з сілавымі структурамі і праз іншыя каналы.
Дакумент прынялі дзеля «ўдасканалення формаў і метадаў папярэджання, выяўлення, спынення і расследавання злачынстваў, павышэння якасці аператыўна-вышуковай дзейнасці».
Антон Тачняк belsat.eu