Борыс Джонсан вяртаецца? Хто можа зрабіцца новым брытанскім прэм’ер-міністрам


20 кастрычніка з пасады прэм’ер-міністра Вялікай Брытаніі сышла ў адстаўку Ліз Трас, якая паставіла рэкорд у самым кароткім знаходжанні на пасадзе прэм’ер-міністра, што трымаўся ажно з 1827 года. Хто зробіцца новым кіраўнікам брытанскага ўраду, пакуль загадка. Але свае меркаванні на гэты конт у размове з «Белсатам» выказаў Мікола Пачкаеў, старшыня Згуртавання беларусаў Вялікай Брытаніі, юрыдычны даследчык і кансультант у сферы міжнародных і палітычных рызыкаў.

Рэпарцёр каналу 9NEWS трымае газету The Sun з былым прэм’ер-міністрам Вялікай Брытаніі Борысам Джонсанам на вокладцы. 21 кастрычніка 2022 года.
Фота: Henry Nicholis / Reuters / Forum

З 2010 года Злучаным Каралеўствам нязменна кіруюць прадстаўнікі Кансерватыўнай партыі. Але ўсе яны – Дэйвід Кэмэран, Тэрыса Мэй, Борыс Джонсан, а цяпер Ліз Трас – былі вымушаныя пайсці ў адстаўку. Апошняя – праз 44 дні свайго прэм’ерства.

Як распавёў «Белсату» Мікола Пачкаеў, за час свайго кароткага кіравання Ліз Трас «падпісалася пад эканамічна нерэалістычнай праграмаю, што расчаравала выбарца, у выніку яна страціла падтрыманне дэпутатаў парламенту ад уласнай партыі».

Разбор
Трас прабыла прэм’еркай Брытаніі ўсяго 44 дні. Чаму сышла, і што далей?
2022.10.20 19:43

Паводле суразмоўцы, лідарства і палітыку прэм’еркі аспрэчвалі самыя розныя сілы ўнутры самой Кансерватыўнай партыі, якія крытыкавалі яе як за эканамічную дзейнасць, гэтак і за міграцыйную.

«Але галоўная і фундаментальная прычына – тое, што брытанскія дэпутаты страцілі ўпэўненасць у Ліз Трас як у лідары, які зможа іх прывесці да перамогі на новых выбарах», – распавёў Мікола Пачкаеў.

А Ліз Трас «у сваёй эканамічнай палітыцы сфармулявала такія падыходы, якія, паводле самых кансерватараў, уваходзілі ў супярэчнасць з эканамічнымі рэаліямі, і папулярнасць партыі ў выніку толькі зніжалася».

«Сам факт, што яна не выглядала як кампетэнтны эканамічны лідар, што брытанцаў цяпер найперш турбуе, вёў да падзення папулярнасці Кансерватыўнай партыі. Я не хацеў бы настойваць на такіх выразах, як «запанікавалі», але відавочна, што сярод Кансерватыўнай партыі акумуляваўся вялікі запас непакою аб тым, з чым яна падыходзіць да новых выбараў», – мяркуе суразмоўца.

Што цяпер?

І хоць апазіцыя ўжо заклікае правесці новыя парламенцкія выбары, кансерватары дагэтуль маюць абсалютную большасць сярод дэпутатаў парламенту. Паколькі ж агульная практыка такая, што кароль прызначае новым прэм’ер-міністрам асобу, якая мае давер большасці ў парламенце, то значыць, што менавіта Кансерватыўная партыя і павінна са сваіх шэрагаў абраць новага кіраўніка ўраду.

«Выбары праводзіць цяпер Кансерватыўная партыя не абавязаная, хоць яна застаецца пад усё большым палітычным ціскам іншых партыяў, бо выглядае як некампетэнтная партыя, якая часта змяняе сваіх лідараў», – адзначыў Мікола Пачкаеў.

На ягоную думку, на працягу тыдня Кансерватыўная партыя можа абраць новага лідара, якога кароль і прызначыць новым прэм’ерам. Таксама, дадаў суразмоўца, ёсць «невялікая гіпатэтычная магчымасць», што Кансерватыўная партыя не здолее прызначыць уласнага лідара, які быў бы відавочным кандыдатам для караля на прэм’ер-міністра. У гэтым выпадку той можа ўласным рашэннем абраць яго.

«Але брытанскія канстытуцыйныя юрысты кажуць, што кіроўная партыя не павінна ставіць манарха перад такой дылемай –  самастойна абіраць кандыдата на прэм’ер-міністра, і ў такой сітуацыі павінна прапанаваць манарху распусціць парламент і прызначыць новыя выбары», – падкрэсліў Мікола Пачкаеў.

Але, на ягоную думку, «да такога драматычнага выбару не дойдзе», бо Кансерватыўная партыя мае ў парламенце «зусім бяспечную большасць».

І зноў Джонсан?

Галоўнымі фаварытамі гонкі за лідарства ў Кансерватыўнай партыі і адпаведна кандыдатамі на пасаду прэм’ер-міністра Мікола Пачкаеў лічыць «людзей з даказанай эканамічна-палітычнай кампетэнтнасцю» – былога канцлера скарбніцы Рышы Сунака і лідарку Палаты грамадаў і лорд-старшыню Рады Пэні Мордант, якая пэўны час была міністаркай гандлёвай палітыкі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. 
Фота: Phil Noble / Reuters / Forum

Два другія фаварыты не маюць «моцнага эканамічнага боку, але яны асабіста могуць мабілізаваць падтрыманне»: былы харызматычны прэм’ер Борыс Джонсан, які быў вымушаны сысці ў адстаўку 6 верасня, і міністр абароны Бэн Ўоліс, «які таксама мае лідарскія якасці і пазітыўную рэпутацыю». Праўда, ужо пасля інтэрв’ю стала вядома, што Ўоліс не будзе вылучаць сваёй кандыдатуры і падтрымае Джонсана.

Тым не менш, Мікола Пачкаеў не лічыць Джонсана самым імаверным прэтэндэнтам.

«Ён проста харызматычная фігура, якая ў рамках Кансерватыўнай партыі мае сваіх вялікіх прыхільнікаў. І толькі. Для саміх кансерватараў фундаментальныя праблемы – гэта зніжэнне іх папулярнасці сярод выбарцаў. І вяртанне Джонсана, нягледзячы на тое, што ён мае сваіх прыхільнікаў у партыі, неабавязкова з гледзішча саміх кансерватараў дапаможа іхнай папулярнасці сярод выбарцаў», – мяркуе суразмоўца.

Паводле яго, тыя прычыны, паводле якіх Ліз Трас сыходзіць, паказваюць, што для кансерватараў цяпер прыярытэт – папулярнасць сярод выбарцаў, якіх найбольш турбуе эканамічная палітыка: рост цэнаў, рост запазычанасці і г. д.

А што з замежнаю палітыкай?

А вось замежная палітыка, мяркуе суразмоўца, можа змяніцца толькі тады, калі будуць абвешчаныя новыя выбары і да ўлады прыйдзе іншая партыя або кааліцыя іншых партыяў, якія ва ўкраінскім пытанні хоць і не маюць разыходжанняў з кансерватарамі, але могуць пачаць пэўны «аўдыт» дзейнасці папярэднікаў, што прывядзе да «замаруджання тых праграмаў, якія ўжо існавалі».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. 
Фота: Hannah Mckay / Reuters / Forum

«Пакуль мы не чакаем абвяшчэння новых выбараў. Пакуль парламент з кансерватыўнай большасцю застаецца дзеяздольны. Калі Кансерватыўная партыя зможа хутка і эфектыўна абраць сабе новага лідара, які будзе мець падтрыманне большасці дэпутатаў у самой партыі, гэта хутчэй пакажа, што партыя застанецца дзеяздольнай. І тады не варта чакаць новых выбараў раней за прызначаны тэрмін», – падкрэсліў Мікола Пачкаеў.

Паводле закону, наступныя выбары павінны адбыцца не пазней за студзень 2025 года. То бок, у кансерватараў ёсць яшчэ больш за два гады, каб быць ва ўладзе.

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў