Чаму Лукашэнку рана святкаваць перамогу і чаму новыя пратэсты магчымыя? Тлумачаць псіхолагі


Як навука пра чалавечы мозг тлумачыць падзеі, што пачаліся ў 2020 годзе? Якія псіхалагічныя стадыі праходзяць беларусы па розны бок барыкадаў і якога лагічнага развіцця можна чакаць? На гэтыя ды іншыя пытанні адказваюць псіхолагі ў праграме «Шчыра кажучы» з Арынаю Маліноўскаю.

Выбары 2020 года мелі прайсці гэтак жа ціха, як і ў 2015-м. Тым болей у Беларусі, паводле афіцыйных звестак, расце заробак. Дый пасярод пандэміі каронавіруса якія могуць быць пратэсты? Але ўжо на этапе перадвыбарчай кампаніі стала зразумела: гэтым разам людзі настроеныя рашуча.

Псіхолагі тлумачаць гэта некалькімі чыннікамі. Адзін з іх – змена пакаленняў.

Па-другое, як бы гэта ні было парадаксальна, незадаволенасць Лукашэнкам расла сярод людзей, якія за час ягонага кіравання пачалі жыць лепш. Але, на іхную думку, недастаткова лепш.

«Менавіта сярэдні клас разумее, што прыкладае шмат высілку, каб быць лепей, ён не гультайнічае, а робіць шмат. Але пры гэтым ён не дасягае таго ўзроўню, якога хоча. Ёсць нейкія вонкавыя фактары, якія не дазваляюць ім прасунуцца ў гэтым. У выніку ўзнікае незадаволенасць і сацыяльная несправядлівасць», – тлумачыць Ірына Губэладзэ.

Ірына Губэладзэ. Скрыншот з праграмы «Шчыра кажучы»

Пасля сілавога здушэння пратэсту, ва ўмовах татальнага запалохвання на пратэст могуць выйсці толькі адзінкі. І з дапамогаю сілавікоў, на думку псіхолагаў, такі стан страху можна падтрымліваць досыць доўга, але пры ўмове поўнага ізаляваная краіны ад свету.

«Закансерваваць сітуацыю ў сучасным свеце ў Еўропе немагчыма, – упэўнены кандыдат псіхалагічных навук Ілля Ягіяеў і выказвае надзею, што цяперашні стан рэчаў у Беларусі не працягнецца доўга. – Бо ёсць не толькі псіхалагічныя фактары, а ёсць фактары вонкавага асяроддзя».

Ілля Ігіяеў. Скрыншот з праграмы «Шчыра кажучы»

Адмыслоўцы тлумачыць звышжорсткія пакаранні пратэстоўцаў імкненнем уладаў на пакаленні наперад адбіць жаданне беларусаў да любых праяваў нязгоды. На думку псіхолагаў, траўма ад гвалту сапраўды адбіваецца на грамадскіх паводзінах, і гэтую пакорлівасць у сваю чаргу могуць капіяваць наступныя пакаленні. Аднак гэта не выключае магчымасці новых пратэстаў.

«Калі людзі бачаць, што сітуацыя мяняецца, нават калі ў іх ёсць негатыўны досвед, шмат хто з гэтых людзей можа яго перасіліць», – разважае Ілля Ягіяеў.

І што гэта будзе за змена сітуацыі, эканамічнае пагаршэнне, новыя выбары або новы прэзідэнт, спрагназаваць немагчыма. На думку псіхолагаў, у сённяшняй Беларусі Лукашэнку зарана святкаваць перамогу.

Вольга Падольская.
Фота: podolskacoaching.com

Вольга Падольская, псіхолаг з Сан-Францыска, параўноўвае напружаную паслявыбарчую сітуацыю ў Беларусі са скараваркаю:

«Ён герметычна закрыты, і ў ім пара ўтварае вялікі ціск. Калі пары не выпускаць, раней ці пазней адбудзецца выбух. Калі мы проста яшчэ мацней закруцілі шрубкі-вінцікі на скараварцы, наступным разам будзе мацнейшы ціск. І раней ці пазней ірване так, што мала не падасца».

Таксама ў праграме:

  • Калі можна сказаць, што пратэст скончыўся?
  • Чаму не варта было спадзявацца, што рабочыя масава далучацца да пратэстаў?
  • Чаму беларусы адчуваюць віну пасля выбараў-2020?
  • Ці выпадак з Андрэем Зельцарам – прыклад радыкалізацыі грамадства?
Шчыра кажучы
Ці могуць беларусы паўтарыць учынак Андрэя Зельцара? Адказваюць псіхолагі
2021.10.20 20:05
Стужка навінаў