Пуцін абвясціў у Расеі частковую мабілізацыю


Пуцін пачаў выступаць а 9-й раніцы маскоўскага часу 21 верасня. Зварот анансавалі на вечар 20 верасня – чакалі абвяшчэння поўнамаштабнай мабілізацыі або «рэферэндумаў» на акупаваных тэрыторыях Украіны.

Уладзімір Пуцін зачытвае зварот аб частковай мабілізацыі. 21 верасня 2022 года. Скрыншот: «Мир 24» / YouTube

Уладзімір Пуцін звыкла назваў уладу Украіны «неанацысцкім рэжымам», ад якога «вызваляюць» у Данецкай, Луганскай, Херсонскай і Запарожскай вобласцях «нашых братоў і сясцёр». Выступ ён прысвяціў, сярод іншага, «неабходным неадкладным крокам у абароне суверэнітэту, бяспекі і тэрытарыяльнай цэласнасці Расеі», а таксама краінам Захаду, якія «выношваюць планы распаду Расеі» і «спрабуюць здушыць любыя суверэнныя цэнтры развіцця». Гэта Захад, казаў Пуцін, развязаў вайну ва Украіне, прычым яшчэ ў 2014 годзе, а цяпер падштурхвае Украіну да пераносу ваенных дзеянняў на расейскую тэрыторыю і ўжывае «ядравы шантаж».

Ён абвясціў у Расеі частковую мабілізацыю з 21 верасня. Пад частковую мабілізацыю трапляюць толькі грамадзяне з запасу і «перадусім тыя, хто праходзіў службу ў шэрагах Узброеных сілаў, мае пэўныя вайскова-ўліковыя спецыяльнасці і адпаведны досвед». Прызваным абяцаюць дадатковае рыхтаванне «з улікам досведу спецыяльнай ваеннай аперацыі». Рашэнне «адэкватнае пагрозам», сказаў Пуцін, указ падпісаны, мабілізацыйныя захады пачнуцца ўжо сёння.

Указ прадугледжвае таксама нарошчванне вырабу ўзбраення і вайсковай тэхнікі, стварэнне новых вытворчасцяў. Працаўнікі абаронча-прамысловага комплексу атрымаюць адтэрмінаванне ад прызыву.

Таксама Пуцін згадаў, што акупацыйныя ўлады «ДНР» і «ЛНР», Херсонскай і Запарожскай вобласцяў «прынялі рашэнне аб правядзенні рэферэндумаў». Расея падтрымае рашэнні, паабяцаў ён. Фармулёвак «рэферэндумаў» яшчэ няма.

Ядравую пагрозу Пуцін агучыў не наўпрост. Ён казаў, што гэта краіны NATO разважаюць аб магчымасці і дапушчальнасці ўжыць супраць Расеі ядравую зброю і зброю масавага паражэння. «Тым, хто робіць такія заявы», Пуцін «нагадаў», што Расея таксама мае ядравую зброю, і «пры пагрозе тэрытарыяльнай цэласнасці, для абароны Расеі і нашага народу мы безумоўна выкарыстаем усе наяўныя сродкі», а «ружа вятроў можа павярнуцца і ў ваш бок». Ён дадаў: «Гэта не блеф».

Следам за Пуціным выступіў міністр абароны Расеі Сяргей Шайгу, які распавёў, што Расея ваюе ўжо не з Украінай, а з «калектыўным Захадам», што супраць Расеі дзейнічае «ўся спадарожнікавая групоўка NATO». Ён заявіў, што Украіна страціла ўжо 61 тысячу чалавек забітымі і 49 тысяч параненымі, а Расея пры тым страціла толькі 5937 вайскоўцаў, пры тым звыш 90 % параненых вярнуліся ў шыхты.

Паводле Шайгу, прызваць збіраюцца 300 тысяч рэзервістаў. Студэнтаў прызываць не будуць, вайскоўцаў тэрміновай службы на вайну не выправяць. Частковая мабілізацыя, казаў ён, патрэбная, каб «замацоўваць і кантраляваць» акупаваныя тэрыторыі. «Спецаперацыя» ідзе як належыць, хай сабе з «адхіленнямі ў тэрмінах», рэзюмаваў ён.

Расейскі рух «Весна» анансаваў на вечар акцыі пратэсту пад лозунгам «Нет – могилизации» (ад слова «магіла»).

Аналітыка
Ці абвесціць Расея мабілізацыю і да чаго гэта можа прывесці?
2022.09.20 08:00

Вайна ва Украіне пачалася пасля таго, як па спробе гвалтоўнага здушэння масавых пратэстаў у лютым 2014 года (Еўрамайдану, або Рэвалюцыі годнасці) і забойства сілавікамі каля сотні дэманстрантаў (Нябеснай сотні) тагачасны прэзідэнт Віктар Януковіч уцёк у Расею, а ўкраінцы абвясцілі новую часовую ўладу. У канцы лютага Расея накіравала ў Крым «зялёных чалавечкаў» – як пазней прызнаў Пуцін, там дзейнічалі расейскія вайскоўцы без апазнавальных знакаў. Пад іхным кантролем прайшоў не прызнаны большасцю краінаў свету рэферэндум, па выніках якога Расея анексавала Крым. У сакавіку-красавіку 2014 года пры падтрыманні Расеі пачаліся пратэсты супраць новай улады і захопы адміністрацыйных будынкаў у шэрагу вобласцяў Украіны, а ў Данецкай і Луганскай вобласцях абвясцілі «народныя рэспублікі».

Маштабныя баявыя дзеянні «сепаратыстаў» пры падтрыманні Расеі супраць украінскіх вайскоўцаў вяліся да пачатку 2015 года, пасля ваенная актыўнасць знізілася да лакальных баёў і абстрэлаў. 24 лютага 2022 года Расея распачала поўнамаштабнае ўварванне ва Украіну, ужо не ўтойваючы сваёй агрэсіі. Але Расея не назвала гэта вайной: баявыя дзеянні называюць «спецыяльнай ваеннай аперацыяй», а за слова «вайна» могуць і пакараць.

Здымак вокладкі мае ілюстрацыйны характар. Фота: kremlin.ru

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў