Апублікаваны законапраект, паводле якога ўлады змогуць пазбаўляць беларусаў грамадзянства


Улады апублікавалі законапраект аб змяненні закону «Аб грамадзянстве Рэспублікі Беларусь». Згодна з ім, пазбаўляць беларускага грамадзянства, у тым ліку атрыманага пры нараджэнні, змогуць за «экстрэмісцкую дзейнасць».

Пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь.
Фота: АВ / Белсат

Калі законапраект прымуць, то ўлады Беларусі змогуць ануляваць пашпарт, нават калі чалавек перабывае за межамі Беларусі.

Гэтак, беларускага грамадзянства могуць пазбавіць пасля прысуду, які пацвярджае ўдзел чалавека ў «экстрэмісцкай дзейнасці» альбо «нанясенне ім цяжкай шкоды інтарэсам Рэспублікі Беларусь», калі асоба жыве не ў Беларусі. Пад «экстрэмісцкую дзейнасць», у тым ліку, падпадаюць заклікі да санкцыяў, гвалт або пагроза выкарыстання гвалту ў дачыненні супрацоўніка органаў унутраных справаў ці службовай асобы.

Акрамя гэтага, калі ў з’ехалага з Беларусі ёсць грамадзянства ці ВНЖ іншай краіны або іншы дакумент, які дае льготы, у тым ліку «карта паляка», то трэба паведаміць пра гэта органам ўнутраных справаў або ў дыпслужбу на працягу трох месяцаў з дня атрымання. Калі грамадзянства ці дзеянне ВНЖ альбо іншага дакументу скончылася, таксама трэба інфармаваць органы ці беларускую дыпслужбу.

Цяпер жа законапраект павінен разгледзець у двух чытаннях парламент і перадаць на подпіс Лукашэнку.

Таксама асобе, якая страціла грамадзянства Беларусі, прапаноўвалася забараніць уезду ў краіну на тэрмін да 30 гадоў. Аднак гэтага пункту ў законапраекце няма.

Лукашэнка заяўляў, што даўно абмяркоўваецца пытанне пазбаўлення грамадзянства тых, хто «дзейнічае на шкоду дзяржаве і народу». Да гэтага праект зменаў у Закон аб грамадзянстве разглядзеў экспертны савет пад кіраўніцтвам старшыні Савету Рэспублікі Наталлі Качанавай. Летась ГУБАЗіК таксама прапаноўваў пазбаўляць грамадзянства беларусаў, якія з’ехалі з краіны, але тады ініцыятыва не атрымала развіцця.

Аналітыка
Улады Беларусі зноў задумалі пазбаўляць грамадзянства сваіх апанентаў. Каго і навошта?
2022.07.07 11:07

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў