Як і чаму адбываюцца забойствы ў школах: ад кантыненту да кантыненту


8 чалавек загінулі ад рук расейскага студэнта, які прыйшоў у свой Пермскі дзяржаўны ўніверсітэт з паляўнічай стрэльбай. Шмат хто атрымаў раненні, паведамілі медыі. Забойца быў паранены і арыштаваны.

Аналагічныя падзеі ўжо адбываліся і ў Расеі, і ў іншых краінах – пераважна ў ЗША. У чым жа прычыны такіх злачынстваў? Якія былі найбольш паказальныя акты масавай страляніны ў навучальных установах?

Еўропа: свае забіваюць сваіх

Найбольш крывавае забойства ў навучальнай установе ў Еўропе – гэта злачынства 17 кастрычніка 2018 года ў Керчы, у акупаваным Расеяй украінскім Крыме.

Забойца пазбавіў жыцця блізу дваццаці чалавек, у шпіталі трапілі 43 параненыя. Здзейсніў забойства ў Керчанскім політэхнічным каледжы 18-гадовы навучэнец гэтай установы. Ён зрабіў самаробную бомбу, а таксама ўзброіўся гладкарульнай стрэльбай.

Вельмі падобнымі былі падзеі ў іншых еўрапейскіх краінах. Гэтак, у нямецкім Эрфурце ў 2002 годзе былы выпускнік школы прыйшоў у будынак са зброяй і пачаў страляць у настаўнікаў і работнікаў установы. Забіў 16 чалавек, потым забіў сябе.

У фінскім універсітэце ў Каўхаёкі ў 2008 годзе 22-гадовы студэнт прыйшоў у сваю аўдыторыю, пачаў страляць і потым падпаліў будынак. Загінулі 10 чалавек і сам забойца.

Амерыка: сумныя рэкорды

З 1990-х гадоў актыўна страляюць у амерыканскіх школах – найбольшы рэзананс меў выпадак 1999 года ў горадзе Колумбайн, штат Каларада. Трагедыю ў Керчы і вялікую частку аналагічных інцыдэнтаў часта называюць малпаваннем масавага забойства ў школе Колумбайну.

Кадр з відэазапісу ў школе Колумбайну. Крыніца – wikipedia.org

20 красавіка 1999 года два вучні старэйшых класаў Школы Колумбайну ўзброіліся карабінам, пісталетам і драбавікамі ды самаробнымі выбуховымі прыладамі. Яны забілі 13 вучняў сваёй школы і яшчэ 24 чалавекі паранілі, пасля чаго здзейснілі самагубства.

Найбольш крывавымі сталі падзеі ў Вірджынскім політэхнічным інстытуце ў 2007 годзе. Адзін са студэнтаў за 11 хвілінаў забіў 27 студэнтаў і 5 выкладчыкаў, параніў яшчэ 23 чалавекі, пасля чаго стрэліў сабе ў галаву.

Афрыка: ісламскі тэрарызм

Калі мы паглядзім на забойствы ў школах у Афрыцы, то ўбачым, што пераважная частка іх была здзейсненая тэрарыстамі, якія нападалі на школы звонку, а не навучэнцамі ці настаўнікамі. Гэтак, у Кеніі ў 2015 годзе адзін з мясцовых «філіялаў» ісламісцкай групоўкі «Аль-Каіда» напаў на ўніверсітэт у горадзе Гарыса.

Загінулі 147 чалавек, 79 былі параненыя. Паводле сведак, баевікі выбіралі ў якасці ахвяраў хрысціянаў. Злачынцы таксама захапілі 533 студэнты і супрацоўнікі ўніверсітэту ў закладнікі. Паліцыя забіла ўсіх тэрарыстаў і вызваліла закладнікаў.

Дзясяткі чалавек гінулі і падчас іншых нападаў ісламістаў на школы ды ўніверсітэты. У параўнанні з гэтым гвалт з боку студэнтаў ці выкладчыкаў – ад 0 да 3 забітых за адзін выпадак, прычым уключна з нападнікам.

Абноўлена
У Пермскім універсітэце страляў 18-гадовы юнак
2021.09.20 11:26

Азія: пераходны тып

Падобныя ж трэнды назіраюцца і ў Азіі, аднак з пэўнай спецыфікай. З аднаго боку, дзясяткамі забівалі навучэнцаў тэрарысты. Гэтак, яшчэ ў 1974 годзе на сярэднюю школу ў ізраільскім горадзе Ма’алёт напалі тэрарысты з Дэмакратычнага фронту вызвалення Палестыны ды забілі 25 закладнікаў.

З іншага – назіраюцца і забойствы без нейкіх палітычных матываў. Гэтак, у 1997 годзе ў Емене 48-гадовы мужчына застрэліў у двух школах 6 дзяцей і 2 дарослых. Ён падазраваў, што адну з ягоных дачок у школе згвалціў дырэктар.

Дагэтуль застаецца загадкавым масавае забойства ў Азербайджанскай нафтавай акадэміі – ад рук грамадзяніна Грузіі, этнічнага азербайджанца, загінулі 12 чалавек, студэнтаў і настаўнікаў. Паводле версіі азербайджанскіх уладаў, гэта быў тэракт, які замовіў этнічны армянін. Медыі паставілі гэтую версію пад сумнеў.

Чаму?

Дзеянні тэрарыстаў выклікаюць агіду, але іхныя матывы зразумелыя: пашырэнне жаху, які можна выкарыстаць у палітычных мэтах. Але чаму школьнікі і студэнты пачынаюць страляць адзін у аднаго?

Аналіз Міністэрства адукацыі ЗША і Сакрэтнай службы ЗША адносна стральбы ў школах, праведзены ў 2002 годзе, паказаў, што немагчыма вызначыць канкрэтны тып людзей, схільных да такіх злачынстваў – патэнцыйнага забойцу практычна нерэальна «вылічыць». Забойцы паходзілі з поўных заможных сем’яў і з семʼяў няпоўных і бедных, былі папулярныя ў класе і зазнавалі цкаванне, некаторыя мелі заўважныя псіхалагічныя праблемы, а некаторыя – не.

Пры гэтым хваля забойстваў, якія не мелі выразнай матывацыі, паднялася за апошняе дзесяцігоддзе, калі, здаецца, жыццё чалавека ў развітай краіне дасягнула максімальнага камфорту.

Аб’ектыў
Трагедыя ў Керчы. «З аўтаматамі бегалі, па другім паверсе, адчынялі кабінеты і забівалі ўсіх, каго маглі знайсці…»
2018.10.17 23:05

Федэральнае бюро расследаванняў ЗША ў свой час апублікавала свае высновы аб найбольш важных фактарах, якія прыводзяць школьніка да спробы забіць свайго аднакласніка ці настаўніка. Гэта, з аднаго боку, асабістая няздольнасць пераадольваць жыццёвыя праблемы, схільнасць вінаваціць у іх усіх, акрамя сябе самога.

А з іншага – нездаровыя адносіны ў сямʼі, варожасць да бацькоў, адмаўленне бацькоўскага аўтарытэту. Таксама гэта пасіўнасць бацькоў, якія не кантралююць, што глядзіць падлетак у інтэрнэце, што чытае, не звяртаюць увагі на ягоныя ненармальныя паводзіны, не караюць яго за правіны, не ставяць яго на належнае месца, нават падпарадкоўваюцца яму.

Эксперты адзначаюць: наіўна лічыць, што праблема масавых забойстваў у школах пераадольваецца абмежаваннем доступу грамадзян да стралковай зброі ці наяўнасцю ахоўніка на ўваходзе ў будынак. 100 гадоў таму доступ да зброі быў куды прасцейшым па ўсім свеце, не было і ахоўнікаў, але масавыя расстрэлы ў школах не адбываліся.

«Пагрозы ў школах – гэта не толькі праблема школаў, таму і вырашаецца гэтая праблема не толькі ў школе», – гаворыцца ў дакладзе Федэральнага бюро расследаванняў ЗША.

СК, belsat.eu

Стужка навінаў