Памерлы на беларуска-польскай мяжы ўжываў лекі ад беларускіх памежнікаў


У Польшчы тры пракуратуры расследуюць акалічнасці смерці трох чалавек на мяжы Беларусі і Польшчы. Хоць папярэдне мяркуецца, што прычынай смерцяў стала пераахалоджванне, будуць праводзіць і таксікалагічныя даследаванні.

Ілюстрацыйная выява. Мігранты, якіх польскія памежнікі затрымалі на мяжы з Беларуссю. 9 жніўня 2021 года.
Фота: strazgraniczna.pl

Памежная служба Польшчы ў мінулую нядзелю знайшла на мяжы з Беларуссю целы трох мужчынаў, якія, верагодна, спрабавалі нелегальна перайсці мяжу. Анатамаванне паказала, што найбольш верагодная прычына смерці гэтых людзей – гіпатэрмія (пераахалоджванне). Аднак міністр унутраных справаў Польшчы Мар’юш Каміньскі на прэс-канферэнцыі 20 верасня адзначыў, што разглядаюць і версію аб уздзеянні медыкаментаў ад беларускіх памежнікаў, расказвае канал TVN.

Аб’ектыў
4 смерці ля беларускай мяжы
2021.09.20 23:31

Са словаў міністра вядома, што памерлы грамадзянін Іраку быў разам з яшчэ двума людзьмі, якія ў сярэдзіне верасня прыляцелі ў Менск, заплацілі 2500 долараў чалавеку, які меўся перавезці іх у Нямеччыну праз Польшчу. Мужчынаў адвезлі ў лес, яны заблукалі і спрабавалі вярнуцца ў Менск, але натрапілі на беларускіх памежнікаў, якія даставілі іх на мяжу з Польшчай. Польскі патруль развярнуў іх, беларускі патруль зноў даставіў іх на мяжу, але ўжо з Літвой і ў складзе групы з 20 чалавек.

Тры іракцы пайшлі асобна ад астатніх і праз літоўскую тэрыторыю прыйшлі ў Польшчу, расказвае міністр. Адзін, які пазней памёр, стаў паводзіць сябе дзіўна і трывожна. Астатнія тэлефанавалі яго сям’і і пыталі, ці не ўжывае ён наркотыкаў. Тыя два мігранты, што былі з памерлым, паведамілі, што ён выпіў таблетку, якую атрымаў ад беларускага салдата – нібыта таблетка мусіла дапамагчы ад знясілення.

Цяпер польскі бок праводзіць таксікалагічную экспертызу, каб праверыць, ці магла тая таблетка стаць прычынай смерці.

Hавiны
Польскія памежнікі выратавалі васьмярых мігрантаў, якія трапілі ў багну каля мяжы
2021.09.20 10:10

Адносна цела жанчыны, якое знайшлі беларускія памежнікі на тэрыторыі Беларусі, галоўнакамандуючы памежнай службы Томаш Прага расказаў: польскі патруль бачыў, што жанчына ляжыць на беларускім баку, і паведаміў пра гэта беларускім памежнікам, але тыя не адрэагавалі. Беларускаму боку тэлефанавалі некалькі разоў, але праз некалькі гадзінаў адзін з патрулёў проста прайшоў міма жанчыны. Толькі пазней беларусы накіравалі яшчэ адзін патруль, які канстатаваў смерць жанчыны.

Прага задаўся пытаннем, ці выпадкова тое, што столькі памерлых выявілі на мяжы за такі кароткі час. Заявы беларускай дзяржаўнай прэсы аб тым, што польскія памежнікі нібыта выцягвалі целы памерлых мігрантаў з тэрыторыі Польшчы, ён назваў хлуснёй.

Hавiны
«Foreign Policy»: Расея разам з Беларуссю выкарыстоўвае мігрантаў як зброю
2021.09.21 10:46

АА belsat.eu

Стужка навінаў