Пакуль улады не бачаць надзвычайнай сітуацыі ў сувязі з пандэміяй, лекары працуюць на мяжы сваіх сіл і магчымасцяў


Міністр Дзмітрый Піневіч рапартуе, што надзвычайнага становішча ў краіне ў сувязі з пандэміяй каронавірусу няма, а неабходнае ўсяго толькі напружанне сістэмы аховы здароўя. Лекары, якія працуюць у шпіталях і больніцах кажуць, што працуюць на мяжы сваіх магчымасцяў. Паводле медыкаў, дзеля стабілізацыі сітуацыі ўладам трэба імкнуцца вакцынаваць людзей якаснай прышчэпкай і абмежаваць сацыяльныя кантакты.

Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Галоўны лекар Баранавіцкай гарадской больніцы ў размове з дзяржаўным выданне заявіў, што сярод цяжкіх пацыентаў з каронавіруснай інфекцыяй у больніцы пакуль не было ніводнай асобы, якая зрабіла прышчэпку.

Але гэта аспрэчваюць медыкі з Баранавічаў. Дактары кажуць, што асабіста бачылі прынамсі трох пацыентаў, якія раней зрабілі дзве прышчэпкі, але тым не менш, цяжка захварэлі і ляжалі ў рэанімацыі пад кіслародам. Улады ў Беларусі не далі грамадзянам краіны магчымасці выбару вакцыны. Агулам кампанія па вакцынацыі прайшла слаба. Усё гэта цяпер кладзецца на плечы медыкаў.

«Прыйшоў новы штам, які мае большую заразнасць і большую лятальнасць. Вакцынацыя моцна дапамагла б медыкам. Але тут іншае пытанне. Трэба каб вакцынацыя вялася праверанымі вакцынамі, толькі праблема ў тым, што ў нас толькі тыя вакцыны, якія нам дазваляюць рабіць, а не тыя, якія адобраныя ў ЗША, у ЕЗ. Мы павінныя працаваць з эфектыўнымі вакцынамі. Але, на жаль, працуем толькі з тым, што нам даюць, а не з тым, што мы б маглі абраць», – кажа лекар анестэзіёлаг-рэаніматолаг Расціслаў Савіцкі.

Улады таксама сцвярджаюць, што ў нашай краіне дастаткова лекараў, хапае ложкавага фонду. Але, насамрэч, гэта толькі агульныя лічбы, бо ў рэчаіснасці сітуацыя выглядае досыць складана.

«Да каронавіруса ў нас нібы і хапала ложкавага фонду. Але цяпер, падчас пандэміі, мы выходзім на поўную загружанасць шпіталяў. Востра падымаецца пытанне, дзе шукаць новыя ложкі для цяжкіх пацыентаў. І такое пытанне ўзнікае ў першую чаргу пра рэанімацыйных пацыентаў. Бо калі амбулаторныя пацыенты могуць пераносіць захворванне ў неспецыфічных умовах, то рэанімацыйных ложкаў у нас недастаткова. І гэтая праблема не вырашыцца ў бліжэйшыя гады – гэта дакладна», – кажа лекар анестэзіёлаг-рэаніматолаг Расціслаў Савіцкі.

5-ая гарадская клінічная больніца.
Фота: Тяня Капітонава / «Белсат»

Лекар таксама звяртае ўвагу, што акрамя месцаў у больніцах востра адчуваецца недахоп медперсаналу. Цяпер лекараў з паліклінік накіроўваюць на ўзмацненне ў больніцы, бо там больш цяжкія пацыенты і яны патрабуюць пільнага дагляду. Таму праз гэта ўзнік дэфіцыт менавіта ў паліклініках медперсаналу.

«Гэта вельмі адчувальна адлюстравалася ў Менску, у тым плане, то нават інтэрнаў і студэнтаў 6-х курсаў прыцягваюць да працы ў паліклініках. Яшчэ больш востра гэтае пытанне ўзнікае ў рэгіёнах. Тут і раней не хапала лекараў. А цяпер гэта вельмі адчувальна. Рэсурсаў не хапае», – кажа лекар анестэзіёлаг-рэаніматолаг.

Медыкі ў рэгіёнах кажуць, што сапраўды, працаваць стала надзвычай складана. На працягу дня яны абслугоўваюць вельмі вялікую колькасць пацыентаў.

«Я да абеду не маю часу нават у прыбіральню выйсці, столькі шмат хворых, і шмат зваротаў. Шмат людзей прыходзіцца класці ў шпіталь, паколькі ўзровень сатурацыі (насычанасць крыві кіслародам, – заўвага Belsat) ў іх менш за 80 %», – распавёў на ўмовах ананімнасці лекар з раённай больніцы.

Hавiны
Новая хваля каронавіруса ў Беларусі: чэргі, нястача дактароў і абмежаванні ковідных выплатаў
2021.09.17 16:00

Фельчары ў вёсках мусяць рэагаваць на звароты нават ноччу, прычым ім не аплачваюцца такія візіты.

«Каронавірусу стала значна больш, а я вымушаны працаваць за так. Кожны дзень па 3-4 візіты дахаты да хворых на каронавірус. І часта тэлефануюць уначы, клічуць дахаты. Я працую ў вёсцы, мяне вельмі тут паважаюць і пра гэта складана камусьці адмовіць таму, што ведаеш кожнага надта добра», – пішуць чытачы «Белсату».

Анестэзіёлаг-рэаніматолаг Расціслаў Савіцкі кажа, што сітуацыя з пандэміяй будзе толькі напружвацца. Паколькі што пік чарговай хвалі яшчэ не пройдзены, цяжар будзе расці, будзе шмат інфікаваных. Рэальная статыстыка колькасці інфікаваных і памерлых замоўчваецца і значна заніжаецца. Гэта пацвярджаюць і чытачы «Белсату».

«Учора быў на прыёме ва ўчастковага лекара ў 1-й паліклініцы Бабруйску пачуў размову медыкаў. Справа была на пачатку другой змены, а іхны калега (лекар) з гэтага ж участку, што зараз часова працуе ў чырвонай зоне (там асобны ўваход), паведаміў, што прыняў за першую змену і адправіў на тэсты або здымак прыблізна 80 пацыентаў! Да даведкі, у Бабруйску працуе 7 паліклінік», – звяртае ўвагу чытач «Белсату».

Фота: Belsat.eu

Лекары таксама канстатуюць, што працуючы ў больніцах, у рэанімацыях, яны бачаць, колькі пацыентаў на самой справа памірае ад каронавіруса.

«Мы бачым рэальную колькасць памерлых, напрыклад, у нашым шпіталі, ці ў суседняй больніцы, або ў горадзе ў цэлым. І гэта выклікае пытанне, бо афіцыйна паведамляюць, што ў краіне памерлі за дзень 14 пацыентаў. Але толькі ў нашай больніцы сем памерлых, таму афіцыйныя лічбы проста не адпавядаюць рэчаіснасці», – кажа Расціслаў Савіцкі.

Аб’ектыў
Каронавірус наступае
2021.09.20 23:32

Чытач «Белсату» з Менску распавёў на сваім прыкладзе сітуацыю ў шпіталях. Мужчына кажа, што хварэе на COVID-19 разам з жонкай ужо больш за тыдзень. Калі ён прыйшоў здаваць агульны аналіз крыві, то апынуўся ў электронным спісе на 88 месцы. Падчас здачы аналізаў мужчыну стала кепска і ён страціў прытомнасць і яго даставілі ў 4-ю больніцу ў Менску. Мужчына адмовіўся ад шпіталізацыі.

Чарга на аналіз у больніцы ў Менску. фота: чытачы Белсату

«Калі мяне адпраўлялі з лякарні, мне памералі тэмпературу пісталетам, было нібыта 37. Сказалі што калі падымецца тэмпература вышэй 38.5, то выклікаць хуткую. Калі я прыехаў дадому, то паказала 39.2, але мы хуткую не выклікалі. Жонка мне збіла тэмпературу. Вы зразумейце, я не скарджуся, я проста прашу вас, каб вы трубілі да міжнародных арганізацыяў, што ў Беларусі заніжаюць статыстыку, месцаў не хапае, грошай на лячэнне таксама, але машыны новыя міліцыянтам набываюць.

Я перажыў у гэтым годзе і Жодзіна і Акрэсціна, але тое што я сёння ўбачыў… У 4-й клінічнай больніцы, людзей без прытомнасці, сініх завозілі на КТ. Потым у кабінеце, насупраць якога я сядзеў, у жанчыны быў прыпынак сэрца, яе цудам адпампавалі, але вывезлі на ложку ў калідор і пакуль афармлялі, яна праляжала там гадзіны 3, перыядычна яе ванітавала, добра што там была яе дачка, яна чысціла яе рот ад змесціва страўніка. Я спытаў у гэтай дачкі, чаму вашую маці дагэтуль нікуды не вязуць, яна сказала, што таксама доўга афармляюць.

Столькі я за сёння ўбачыў у канкрэтнай паліклініцы і больніцы. А што робіцца па краіне. У Беларусі генацыд старых… Сістэма забівае нашых бабулек і дзядуляў», – у роспачы піша чытач «Белсату».

Зміцер Піневіч.
Фота: «Рэгіянальная газета»

Пры гэтым кіраўнік Міністэрства здароўя Дзмітрый Піневіч лічыць, што надзвычайнага становішча ў Беларусі ў сувязі з пандэміяй каронавірусу няма, а неабходнае ўсяго толькі напружанне сістэмы аховы здароўя.

Расследaванні
Колькі насамрэч асобаў памерла ад каронавіруса ў Беларусі?
2021.09.20 14:19

СК belsat.eu

Стужка навінаў