Кастусёў у СІЗА займеў праблемы з ныркамі, заразіўся каронавірусам


Зняволены старшыня Партыі БНФ напісаў ліст старшыню БСДП (Грамада) – расказаў, што следчых дзеянняў не вядзецца, а хваробы прагрэсуюць.

Рыгор Кастусёў. Крыніца: Партыя БНФ / Facebook

Старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Барысаў расказаў у Facebook пра ліст ад зняволенага старшыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва. Фота ліста апублікавала радыё «Свабода».

Кастусёў піша, што ў СІЗА «атрымаў карону» – захварэў на ковід. Наступствы ад гэтага ёсць, знікла адчуванне паху. Да таго ж, Кастусёў мае праблемы з ныркамі, падазрэнне на анкалагічную хваробу.

Ён некалькі разоў звяртаўся па змену рэжыму ўтрымання, але «нічога не атрымалася», а ў ягонай крымінальнай справе ніякага руху няма.

Барысаў адзначае, што з улікам таго, як доўга ішоў ліст, сітуацыя магла ўжо і змяніцца. Да таго ж, ліставанне ідзе «ў фармаце мазаікі», бо не ўсе лісты даходзяць у абодва бакі. Напісаць зняволенаму можна на адрас: 220050 Менск, Галоўпаштамт, а.с. 8, Кастусёву Рыгору Андрэевічу.

64-гадовы Кастусёў быў затрыманы 12 красавіка адначасова з юрыстам Юрыем Зянковічам і літаратуразнаўцам Аляксандрам Фядутам. Яны праходзяць падазраваным у крымінальнай справе аб «захопе ўлады» і спробе замаху на Аляксандра Лукашэнку. Кастусёў адмаўляе датычнасць да «замаху».

Hавiны
Рыгор Кастусёў зняпраўдзіў сваю датычнасць да замаху на Лукашэнку
2021.07.03 18:12

У траўні Кастусёў трапіў у турэмны шпіталь, там і западозрылі анкалагічнае захворванне, але абследавання не праводзілі тры месяцы. Дазволілі тое абследаванне толькі ў сярэдзіне жніўня. Вынікаў не паведамлялі.

АА belsat.eu

 

Стужка навінаў