Калі санкцыі падзейнічаюць? Якімі будуць новыя? Спыталі эканаміста і палітолага


Ці падобныя да праўды нядаўнія чуткі пра наступныя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі? Што і калі ад іх будзе беларусам і ці ўратуе ад наступстваў Расея? «Белсат» спытаў эканаміста і палітолага.

Фота: belsat.eu

Чуткі пра новыя санкцыі рэалістычныя?

Паводле выдання «Наша ніва», якое спасылаецца на сказанае «на многіх міжнародных кансультацыях», наступныя санкцыі Еўразвязу і Злучаных Штатаў супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі могуць быць уведзеныя ў трох напрамках:

  • драконаўскія санкцыі супраць пяці банкаў («Беларусбанк», «Дабрабыт», «Белінвестбанк», «Белаграпрамбанк» і Банк развіцця);
  • у сферы дрэваапрацоўвання, «якая стала крыніцай валютных паступленняў у сувязі з ростам цэнаў на будаўнічыя матэрыялы»;
  • супраць «Белтэлекаму», які «звязваюць з новай сістэмай татальнага відэакантролю і сачэння за трафікам».

Ці рэалістычна гучыць такі сцэнар санкцыяў? Эканаміст Леў Марголін кажа «Белсату», што такія санкцыі сапраўды могуць абмяркоўвацца і ў выніку быць прынятыя, але ўдакладняе:

«Можа быць, можа не быць: еўрапейскія і амерыканскія партнёры не вельмі спяшаюцца ўводзіць дадатковыя санкцыі».

Леў Марголін.
Фота: прэс-служба АГП

Марголін адзначае, што названыя банкі дзяржаўныя і большасць прадпрыемстваў дрэваапрацоўвання дзяржаўныя. Санкцыяў не хочуць уводзіць супраць прыватных прадпрыемстваў – хіба пунктава, супраць гаманцоў рэжыму. Супраць дзяржаўных – чаму б і не.

Наколькі моцна санкцыі ўдараць па кожным з банкаў, залежыць ад таго, як гэтыя банкі ўключаныя ў міжнародныя разлікі, бо ўсе санкцыі датычаць толькі долараў і еўраў. Унутраных разлікаў у Беларусі і разлікаў з расейскімі прадпрыемствамі санкцыі не закранаюць. Тое, што чакае банкі пад санкцыямі, эксперт называе «вельмі непрыемным, але наўрад ці вызначальным момантам».

Hавiны
Беларускія банкі губляюць заходнія банкі-карэспандэнты. Ці моцна ім гэта нашкодзіць?
2021.09.14 13:46

Дырэктар інстытуту «Палітычная сфера» Андрэй Казакевіч кажа «Белсату», што сапраўды цыркулюе інфармацыя пра санкцыі, падобныя да апісаных «Нашаю нівай». Але гэта толькі адзін з магчымых фарматаў.

Абмяркоўваюць і варыянт, у якім санкцыяў будзе менш: у асноўным персанальныя санкцыі замест шырокіх эканамічных. Была інфармацыя і пра магчымыя санкцыі супраць іншых кампаніяў і бізнесоўцаў з турыстычнага бізнесу, якія зараблялі на мігрантах.

Андрэй Казакевіч.
Фота: Svaboda.org

Санкцыі ўжо даўно ўводзілі. Калі ад іх будзе эфект?

Калі Еўразвяз уводзіў эканамічныя санкцыі супраць Беларусі, то падкрэсліваў: яны не датычаць ужо заключаных кантрактаў, супрацу дадуць давесці да канца. Кантракты ў тых сферах, якія зачапілі санкцыі, заключаюцца звычайна на год, адзначае Марголін, таму ўжо са студзеня 2022-га санкцыі запусцяцца.

Эканоміка з Чалым
Чаму эканоміка Лукашэнкі б’е рэкорды?
2021.09.16 20:30

Што ад гэтага будзе звычайным беларусам? Паводле эканаміста, наўпрост санкцыі зачэпяць хіба тых рабочых, якія працуюць на падсанкцыйных прадпрыемствах. А іншых закране ўскосна: будзе скарочанае паступленне валюты ў краіну, ад гэтага зменшацца магчымасці для імпарту, а праз гэта можа запусціцца новы віток інфляцыі.

«Гэта значыць, заробкі будуць заставацца тыя ж, а купіць на тыя заробкі можна будзе значна меней», – апісвае Марголін магчымы сцэнар уплыву санкцыяў.

А палітычны эфект?

«Трэба разумець: санкцыйная палітыка – гэта такая гульня, – тлумачыць Казакевіч. – Палітычны эфект немагчыма прадказаць. Пэўны палітычны эфект ужо ёсць. Ёсць разуменне, напэўна, у самога Лукашэнкі, а тым больш ягонага атачэння, што гэта вельмі сур’ёзная гульня, якая можа значыць сур’ёзныя страты для іх – для тых, хто трапіў пад санкцыі, хто быў завязаны ў гэтым бізнесе».

На думку палітолага, галоўным палітычным эфектам зробіцца тое, што ўлады будуць вымушаныя сябе стрымліваць прынамсі ў пытаннях рэгіянальнай бяспекі. Ціск на суседнія краіны будзе выклікаць адназначна жорсткую рэакцыю з боку Еўразвязу, а «тут сілы няроўныя».

Эфект на ўнутрыпалітычны клімат будзе больш адцягнуты, лічыць Казакевіч: Лукашэнка хоча зняцця санкцыяў пры мінімальных стратах для сябе, пры мінімальнай палітычнай рызыцы.

Размова
Юрый Дракахруст: Не толькі Лукашэнка мае стальныя часткі
2021.09.15 14:01

Але і да заявы Лукашэнкі «спачатку зніміце санкцыі – пасля будуць перамовы» палітолаг не ставіцца сур’ёзна.

«Гэта рыторыка, не больш за тое, – упэўнены Казакевіч. – Уся гісторыя кіравання Лукашэнкі паказвае, што пры пэўных абставінах ён быў вымушаны ісці на перамовы, калі санкцыі не былі знятыя.

Урэшце, трэба сказаць, што санкцыі не былі цалкам знятыя: чатыры асобы, якіх вінавацілі ў сувязі са знікненнем палітыкаў, так і заставаліся пад еўрапейскімі санкцыямі, а амерыканцы нават падчас лібералізацыі прыпынілі санкцыі, але не знялі іх цалкам».

Пуцін уратуе?

Можа, ад гэтага ўратуе Расея? Марголін разважае: калі б Крэмль даў уладам Беларусі некалькі мільярдаў долараў, гэта магло б палепшыць становішча, але «рэч у тым, што ніхто гэтых мільярдаў не будзе даваць». За пяць візітаў у Маскву Аляксандр Лукашэнка змог дамовіцца на $ 630 мільёнаў крэдытаў да канца 2022 года.

«Гэта па сутнасці нішто, гэта пустое месца, – кажа Марголін пра $ 630 мільёнаў на 1,5 года. – Гэта можа перадухіліць дэфолт Беларусі па расейскіх жа пазыках. Ніякага ўплыву на стан беларускай эканомікі ад іх не будзе.

А больш ніякіх мільярдаў Беларусь не ўбачыць. Бо кожны, скажам, студэнт эканамічнага факультэту другога курсу разумее: гэта выкінутыя грошы, бо назад Расея іх ніколі не атрымае. Па-першае, гэта не інвестыцыі, яны не прыводзяць да павелічэння вытворчасці. Па-другое, гэтыя грошы выкарыстоўваюцца на падтрыманне штаноў, праядаюцца».

Hавiны
«Дозы для наркамана». Эканаміст Раманчук распавёў, як Лукашэнка загнаў сябе і Беларусь у пастку Расеі
2021.09.10 14:42

Казакевіч кажа, што ў палітычнай гульні за падтрыманне трэба будзе нешта запрапанаваць Крамлю. Акрамя фінансавай апоры, могуць быць і іншыя механізмы развязання сітуацыі. Але так ці іначай Расея не зацікаўленая ў абрынанні беларускай сістэмы.

«Можа, яны [у Крамлі] былі б не супраць нейкага транзіту, перадачы ўлады [ў Беларусі], стварэння больш складанай сістэмы, – мяркуе палітолаг. – Але пры спрыяльных для іх умовах. Калапс ім не выгадны, бо гэта рызыка: невядома, якія сілы прыйдуць да ўлады ў выніку гэтага».

АА belsat.eu

Стужка навінаў