Футбольны клуб «Менск» пакінуў галоўны трэнер. Раней адтуль звольнілі старшыню


Фёдар Шчарбачэнка.
Фота: fcminsk.by

21 верасня старшыня футбольнага клубу «Менск» Андрэй Васілевіч і галоўны трэнер Фёдар Шчарбачэнка прыйшлі да рашэння спыніць супрацу і скасаваць кантракт на пагадненне бакоў.

На афіцыйным сайце менскага клубу напісана, што расейскі спецыяліст сам вырашыў развітацца з камандай, спаслаўшыся на здароўе. Таксама адной з прычынаў можна назваць нізкае 12-е месца, якое займае каманда ў турнірнай табліцы чэмпіянату. Але не цяжка знайсці і падводныя камяні.

Шчарбачэнку запрашала ў клуб іншае кіраўніцтва, і не дзіўна, калі пасля перавароту, учыненага ў сталічным клубе Федэрацыяй футболу ў траўні, новае кіраўніцтва знойдзе свайго трэнера. У траўні, нягледзячы на 305 подпісаў працаўнікоў клубу, не працягнулі кантракту са шматгадовым кіраўніком ФК «Менск» Ігарам Шлойдам. Не дапамог і падпісаны праўладны ліст.

На ягонае месца прызначылі заблытанага ў некалькіх скандалах былога футбольнага суддзю Андрэя Васілевіча, які таксама падпісаў праўладны ліст. А ягоным намеснікам стаў былы амапавец Аляксандр Якімаў. Пасля на сайце клубу з’явіліся старонкі, прысвечаныя ідэалагічнай і антыкарупцыйнай дзейнасці. Так што ФК «Менск» на сёння – самы правільны ў ідэалагічны плане футбольны клуб.

Нагадаем, што акрамя мужчынскай каманды, ФК «Менск» – гэта яшчэ і жаночая каманда, міні-футбольны клуб і дзіцячыя акадэмія.

АЛ/МГ belsat.eu

Стужка навінаў