Прадстаўнікі Пераходнага кабінету і Офісу Ціханоўскай распачалі візіт ва Украіну


Ва Украіну з візітам выправіўся прадстаўнік у замежных справах Пераходнага кабінету Валер Кавалеўскі, дарадца абранай прэзідэнткі Анатоль Лябедзька і кіраўнік місіі дэмакратычнай Беларусі ў Кіеве Генадзь Манько. Яны вязуць гуманітарны груз беларускім добраахвотнікам, паведамляе Аб’яднаны пераходны кабінет. Дапамогу набылі за грошы прыватнага ахвярадаўцы, імя якога не раскрываецца.

Валер Кавалеўскі падчас візіту ва Украіну. 21 жніўня 2023 года. Здымак з відэа: Аб’яднаны пераходны кабінет / Telegram

Падчас паездкі таксама запланаваныя сустрэчы з дэпутатамі Вярхоўнай Рады і некаторых еўрапейскіх парламентаў, афіцыйнымі асобамі і прадстаўнікамі дыпламатычнага корпусу ў Кіеве, прадстаўнікамі беларускай дыяспары ў Львове.

«Мы абмяркуем праблематыку беларуска-ўкраінскіх стасункаў і перспектывы іх далейшага развіцця. Неабходна надаць новую ўвагу пытанням, з якімі сутыкаецца беларуская супольнасць ва Украіне. Кіеў – месца актыўнай міжнароднай палітыкі, што вызначае важнасць супрацы з дыпламатычным корпусам ва Украіне», – распавёў прадстаўнік у замежных справах Аб’яднанага пераходнага кабінету Валер Кавалеўскі.

На відэа, абнародаваным Кабінетам, палітык кажа, што гуманітарная дапамога добраахвотнікам, якія ваююць ва Украіне, стала магчымая «дзякуючы шчодрай дапамозе беларускага прыватнага донара». Асобу ахвярадаўцы не раскрываюць.

Апошні раз Кавалеўскі быў у Кіеве ў сярэдзіне чэрвеня. Тады ён сустрэўся з дарадцам кіраўніка Офісу прэзідэнта Украіны Міхайлам Падаляком.

Hавiны
Валер Кавалеўскі распавёў пра вынікі сустрэчы з Міхайлам Падаляком
2023.06.15 17:21

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў