Вызвалены праваабаронца Леанід Судаленка распавёў пра свой час у турме і што было самым цяжкім


Каля 9 гадзінаў раніцы 21 ліпеня на волю з калоніі выйшаў гомельскі праваабаронца Леанід Судаленка. Ён быў затрыманы 21 студзеня 2021 года. Пасля вызвалення цяпер ужо былы палітзняволены даў інтэрв’ю «Народнай Волі», у якім распавёў пра свой час у турме, параўнаў СІЗА і калонію і падзяліўся, што для яго было самым цяжкім падчас зняволення.

Леанід Судаленка.
Фота: Леанід Судаленка / Facebook

Леаніда Судаленку абвінавацілі паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу («Групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак») і асудзілі на тры гады пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Пакаранне ён адбываў у віцебскай калоніі «Віцьба».

Апошнія дзевяць дзён за кратамі ён знаходзіўся ў ШІЗА, менавіта адтуль яго і адпусцілі на волю. У штрафны ізалятар ён трапіў за тое, што нясвоечасова пераапрануўся ў спартыўную форму.

«Гэта былі такія дні, што я сядзеў у сырым падвале, на свежае паветра мяне не выводзілі. Толькі трохразовае харчаванне прыносілі – і ўсё. А так дзевяць сутак спаў на падлозе, без бялізны, без нічога. Спачатку пад галаву падкладваў паперу для прыбіральні, а затым і яна закончылася. Тады ўжо даводзілася пад галаву кулак падкладваць», – узгадвае Судаленка апошнія дні перад вызваленнем.

Сярод самых складаных рэчаў у зняволенні праваабаронца называе адсутнасць інфармацыі. І так думаюць многія іншыя вязні, падкрэслівае ён. Судаленка жыў у бараку, дзе не было такой ізаляцыі, як у таго ж Максіма Знака, які таксама адбывае пакаранне ў калоніі «Віцьба».

Праваабаронца дадае, што за кратамі сустрэў вельмі шмат людзей, якія гатовы ахвяраваць сабой дзеля сваіх перакананняў: «Гэта дапамагала і падтрымлівала».

«Палову тэрміна і на самай справе быў заняты на дрэваапрацоўцы рознарабочым, а затым мяне перавялі ў цэх разборкі металу. Разбіралі правады, каб дастаць адтуль каляровыя металы – медзь, свінец, алюміній. Да апошняга дня быў заняты на гэтай працы», – распавядае Судаленка.

Па ягоных словах, за працу яму не плацілі, прыходзілі толькі грошы на асабісты рахунак ад сям’і, ад іншых было нельга. Аднак калі знаходзіўся ў СІЗА, вельмі шмат людзей падтрымлівалі грашовымі пераводамі.

Кажучы пра месцы ўтрымання Судаленка адзначае, што ў калоніі было лепш, бо там ёсць пэўная свабода: «Ты бачыш неба, можаш дыхаць свежым паветрам, чаго не было ў гомельскім следчым ізалятары. У СІЗА Гомля, дзе я быў больш за год, у камеры было дванаццаць чалавек. І акрамя мяне, усе смалілі цыгарэты. Хтосьці прачынаецца ў 6 гадзін раніцы, і адразу выкурвае тры цыгарэты запар. Для мяне гэта было проста катаванне і катастрофа. Я нават прасіў адміністрацыю ізалятару, каб мяне перавялі ў камеру, дзе не паляць». Але ў гэтым яму адмовілі.

Аднак у следчым ізалятары ёсць і пэўныя плюсы, адзначае былы палітзняволены: «Сям’я рэгулярна магла перадаваць свежае харчаванне, лісты добра даходзілі. Я вёў актыўную перапіску, у дзень атрымліваў ад 10 да 15 лістоў нават ад незнаёмых людзей. А ў калоніі былі свежае паветра і блакітнае неба, забарона на паленне цыгарэт у бараку, але не было інфармацыі і перапіскі. Лісты даходзілі толькі ад сям’і. У СІЗА атрымаў каля тысячы паштовак, а ў калоніі не было ніводнага ліста ад іншых людзей. Адным словам, у інфармацыйным плане была пэўная блакада».

Таксама ў калоніі кожны дзень можна было глядзець тэлебачанне, але толькі тыя каналы, якія ўключала адміністрацыя.

Леанід Судаленка. Першы фотаздымак пасля вызвалення. Крыніца: Леанід Судаленка/Facebook

За ўвесь час у калоніі ён не атрымаў ніводнага доўгатэрміновага спаткання ні з жонкай, ні з дзецьмі. Таксама праваабаронца стаяў на прафілактычным уліку і да такіх вязняў была асаблівая ўвага з боку адміністрацыі.

З калоніі вязня сустракалі жонка і старэйшы сын. Малодшы сын Мікіта застаўся дома, каб у Гомлі рыхтавацца да сустрэчы з бацькам. Сярэдні сын зараз знаходзіцца ў Польшчы. «Мы з ім віртуальна абняліся па відэасувязі. Думаю, у хуткім часе і з ім сустрэнемся», – кажа Леанід Судаленка.

Таксама былы палітвязень падзяліўся і планамі на будучыню:

«Трэба агледзецца, здароўем заняцца. Зразумела, што неабходна шукаць нейкую працу, бо тыя арганізацыі, з якімі я раней супрацоўнічаў, ужо ліквідаваны. Мне 57 гадоў, я тры гады не прынёс у сям’ю ні капейку, таму нешта буду вырашаць. Галава і рукі ёсць – думаю, і праца знойдзецца»,

Маці праваабаронцы, якой 84 гады, да гэтага часу не ведала, дзе ён знаходзіцца, каб яна не хвалявалася і берагла здароўе: «Паведамілі толькі, што я на некалькі гадоў з’ехаў за мяжу на заробкі. І вось зараз – вярнуўся!».

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў